Выканаўца абавязкаў кіраўніка Дзяржаўнай інспэкцыі ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны Алег Корыкаў заявіў, што МАГАТЭ пагадзілася з прапановай Украіны накіраваць на ўсе ўкраінскія атамныя электрастанцыі свае місіі.
«Галоўная мэта гэтых місій — маніторынг стану ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі на ядзерных аб’ектах ва ўмовах вайны. У часе сталага знаходжаньня на ўкраінскіх АЭС прадстаўнікі МАГАТЭ змогуць стаць сьведкамі таго, што адбываецца ў рэжыме рэальнага часу, у тым ліку таго, як уплываюць на бясьпеку ядзерных установак мэтанакіраваныя ракетныя абстрэлы расейскіх войскаў на аб’екты энэргетычнай інфраструктуры», — паведаміў Алег Корыкаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
Паводле яго, місія МАГАТЭ будзе прысутнічаць і на Чарнобыльскай АЭС, якую ў 2000 годзе пачалі выводзіць з эксплюатацыі.
7 студзеня місія МАГАТЭ завяршыла інспэкцыю Ровенскай АЭС у межах дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. У часе праверкі незаяўленых ядзерных матэрыялаў інспэктары не знайшлі.
23 лістапада 2022 году ва Ўкраіне прымусова спынілі працу ўсіх атамных электрастанцый праз мэтанакіраваныя абстрэлы Расеі па энэргетычных аб’ектах Украіны. Украінскія ўлады тады запэўнівалі, што гэта быў вымушаны крок, паколькі праз зьнішчэньне Расеяй энэргетычных сетак немагчыма было перадаваць выпрацаваную атамную электраэнэргію спажыўцам. На бясьпеку АЭС гэтыя адключэньні не паўплывалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне пасьля ракетнай атакі Расеі аварыйна спынілі ўсе АЭС. Улады кажуць, што небясьпекі нямаЗапароская АЭС застаецца пад акупацыяй Расеі
Першая місія МАГАТЭ на сталай аснове пачала працаваць менавіта на Запароскай АЭС, якая дагэтуль застаецца пад кантролем Расеі. Летась па выніках наведваньня станцыі інспэктары арганізацыі ініцыявалі стварэньне бясьпечнай зоны вакол станцыі.
Зону бясьпекі дагэтуль не стварылі, але на станцыі на сталай аснове засталіся два прадстаўнікі МАГАТЭ.
Апошнія некалькі месяцаў кампанія «Енергоатом» не паведамляе аб сытуацыі на Запароскай АЭС. Адзінае, што гучала публічна і шматразова, што ўсе шэсьць энэргаблёкаў Запароскай АЭС спыненыя, але сама станцыя працягвае атрымліваць з украінскай энэргасыстэмы каля 100 МВт энэргіі на ўласныя патрэбы.
Запароскую АЭС у пачатку сакавіка 2022 году захапілі расейскія войскі, але яна застаецца злучанай з украінскай сыстэмай энэргазабесьпячэньня.
Тэрыторыю станцыі неаднаразова абстрэльвалі, што прыводзіла да спыненьня яе працы. Расея і Ўкраіна абвінавачвалі ў абстрэлах адна адну. МАГАТЭ заклікала Маскву вызваліць тэрыторыю станцыі і вывесьці адтуль войска. Расея адмаўляецца гэта зрабіць.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. У пачатку лістапада паведамлялася, што Запароская АЭС цалкам абясточаная пасьля расейскіх абстрэлаў.
Украіна і МАГАТЭ настойваюць, каб вакол станцыі была створаная дэмілітарызаваная зона, а Расея вывела войскі з тэрыторыі ЗАЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
МАГАТЭ: усе ваенныя дзеяньні, якія пагражаюць бясьпецы ядзерных аб’ектаў Украіны, мусяць быць спыненыяУкраінскі бок ацаніў кошт разбуранай і пашкоджанай маёмасьці і інфраструктуры Запароскай АЭС у 28 мільярдаў грыўняў (700 мільёнаў даляраў).
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.