У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі сьцьвярджаюць, што расейская рэгулярная армія і падразьдзелы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» за апошнія чатыры дні тактычна прасунуліся ў Салядары Данецкай вобласьці і, імаверна, кантралююць большую частку гэтага гораду.
«Салядар знаходзіцца за 10 кілямэтраў на поўнач ад Бахмуту, захоп якога, падобна, застаецца галоўнай найбліжэйшай апэратыўнай мэтай Расеі. Для Расеі салядарская вось — гэта, хутчэй за ўсё, спроба атачыць Бахмут з поўначы і разбурыць украінскія камунікацыі», — мяркуюць у брытанскай выведцы.
Паводле брытанскіх выведнікаў, частка баявых дзеяньняў засяроджана на ўваходах у 200-кілямэтровыя тунэлі саляных шахтаў, якія праходзяць пад Бахмуцкім раёнам.
«Абодва бакі, пэўна, занепакоеныя тым, што гэтыя тунэлі могуць быць выкарыстаны для пранікненьня ў тыл», — мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
«Нягледзячы на ўзмацненьне ціску на Бахмут, Расея наўрад ці аточыць горад найбліжэйшым часам, таму што ўкраінскія войскі захоўваюць стабільную глыбіню абароны і кантроль над шляхамі забесьпячэньня», — перакананыя ў выведцы.
У Генштабе Ўкраіны не ўдакладняюць карціну баёў пад Бахмутам і Салядарам
У традыцыйнай ранішняй зводцы Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны няшмат дэталяў аб баявых дзеяньнях у найбольш гарачым пункце ўкраінскага Данбасу.
Сьпікер Генштабу Андрэй Кавалёў паведаміў, што расейскія войскі канцэнтруюць свае намаганьні на ранейшай мэце — захапіць Данецкую вобласьць у адміністрацыйных межах. Такую мэту расейцы заяўлялі ад пачатку поўнамаштабнай вайны з 24 лютага 2022 году, але ўжо 321 дзень украінцы не дазваляюць яе дасягнуць.
Паводле Андрэя Кавалёва, за апошні дзень падразьдзелы сіл абароны адбілі расейскія атакі каля трох населеных пунктаў Луганскай вобласьці, і каля дзесяці паселішчаў Данецкай вобласьці, у тым ліку пад Бахмутам і Салядарам.
Адначасова з наступам расейцы ўзмацнілі артылерыйскія абстрэлы па ўсіх населеных пунктах бахмуцка-салядарскай восі. У Генштабе паведамілі, што ад абстрэлаў на бахмуцкім кірунку пацярпелі 25 вёсак і гарадоў.
Абодва бакі — і Расея, і Ўкраіны — інтэнсіўна перакідваюць войскі на гэты кірунак. Ніводзін зь іх не зьбіраецца адступаць, нягледзячы на вялікія страты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У баях пад Бахмутам Расея і Ўкраіна панесьлі вялікія страты, прарыў расейцаў там малаімаверныУ Кіеве сьцьвярджаюць, што расейцы пад Салядарам адступілі
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла, што расейцы пасьля «няўдалай спробы» захапіць Салядар адступілі і перагрупаваліся, а пасьля гэтага пачалі новы магутны штурм гораду пры дапамозе дадатковых атрадаў.
«Вораг задзейнічаў вялікую колькасьць штурмавых груп, сфармаваных з найлепшых рэзэрваў вагнэраўцаў. Вораг наступае літаральна па целах сваіх жа салдатаў, інтэнсіўна выкарыстоўваючы артылерыю, сыстэмы залпавага агню і мінамёты, накрываючы агнём уласных байцоў», — заявіла Ганна Маляр.
Намесьніца міністра абароны падкрэсьліла, што цяпер пад Салядарам адбываюцца найбольш жорсткія баі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна перакідвае пад Бахмут і Салядар новыя сілы. Расея ўзмацніла атакі на Данеччыне. ВІДЭАУ расейскіх зводках пазьбягаюць згадваць пра баі пад Бахмутам і Салядарам
Міністэрства абароны Расеі на штодзённых брыфінгах паведамляе толькі аб тым, што на данецкім кірунку расейскія войскі працягваюць наступ і абстрэлы па ўсім участку баявога сутыкненьня. Паводле расейскага Мінабароны, украінская армія нясе вялікія страты ў жывой сіле і тэхнікі.
У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны сьцьвярджаюць, што пад Салядарам найбольш ваююць падразьдзелы прыватнай кампаніі «Вагнэр», а ўсе паведамленьні аб посьпехах на тым кірунку яе кіраўнік і фінансіст Яўгеній Прыгожын выкарыстоўвае для ўмацаваньня рэпутацыі сваёй арміі як найбольш эфэктыўнай баявой сілы на тэрыторыі Ўкраіны.
Некалькі дзён таму ў адміністрацыі ЗША заявілі, што павелічэньне колькасьці вагнэраўцаў, якія ваююць пад Бахмутам і Салядарам, зьвязана з зацікаўленасьцю Яўгенія Прыгожына атрымаць кантроль над здабычай солі і гіпсу з шахтаў у навакольлі Бахмуту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Белы дом: Прыгожын хоча атрымаць кантроль над шахтамі ў раёне БахмутуАле сам Прыгожын патлумачыў, што разглядае вялікую сыстэму шахтаў і тунэляў як надзейную і бясьпечную магчымасьць для разьмяшчэньня ў іх дадатковых сіл і вайсковай тэхнікі, каб прарваць абарону ўкраінцаў і выйсьці на адміністратыўныя межы Данецкай вобласьці.
Чым важныя Бахмут і Салядар
Бахмут (з 1924 па 2016 гг. — Арцёмаўск) — цэнтар саляной прамысловасьці, буйны чыгуначны вузел. Такі статус Бахмут меў да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ў 2022-м. У горадзе пражывалі болей за 80 тысяч чалавек. Расейскія прапагандысты нярэдка наўмысна называюць горад Арцёмаўскам, старой савецкай назвай. Бахмут беспасьпяхова спрабуюць узяць амаль год, украінскія войскі адбіваюць усе атакі.
Салядар знаходзіцца ў Бахмуцкім раёне Данецкай вобласьці, за 11 кілямэтраў ад Бахмута. Мае дзьве чыгуначныя станцыі. Тут знаходзілася найбуйнейшае ва Ўкраіне прадпрыемства па вытворчасьці солі «Арцёмсоль». У горадзе да вайны пражывалі 10,5 тысячы чалавек.
Паводле ўкраінскіх уладаў, у выніку баявых дзеяньняў абодва гарады маюць вялікія разбурэньні.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.