Увечары 7 студзеня ў горадзе Лутугіна за 25 кілямэтраў ад Луганску адбыўся выбух на магістральным газаправодзе. Пажарныя патушылі ўзгараньне. Цяпер падача газу па газаправодзе адключаная.
Па паведамленьні прызначаных Расеяй уладаў так званай «ЛНР», бяз газу засталіся каля 13 тысяч чалавек.
Прэс-служба МНС самаабвешчанай «ЛНР» паведаміла ў нядзелю, што прычынай выбуху стала мэтанакіраваная дывэрсія. Распачалі крымінальную справу.
Кіеў не камэнтаваў выбух, але ўкраінскія СМІ паведамляюць аб сэрыі дывэрсійных актаў у Луганскай вобласьці. 7 студзеня «партызаны» нібыта падарвалі чыгуначныя пуці каля горада Шчасьце, а 8 студзеня быў зьнішчаны будынак інтэрната ў Рубежным, дзе разьмяшчаліся расейскія вайскоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходняя выведка: побач са зьнішчаным месцам дысьлякацыі расейцаў у Макееўцы здэтанавалі боепрыпасы, яны павялічылі страты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас ракетнай атакі на Ўкраіну зьявілася інфармацыя пра выбухі ў акупаваным Крыме і 3 абласьцях Расеі