Аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) перакананыя, што заява расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб аднабаковым прыпыненьні агню ва Ўкраіне на 36 гадзін зьяўляецца інфармацыйнай апэрацыяй, накіраванай на падрыў рэпутацыі Ўкраіны і яе войска.
«Такая паўза непрапарцыйна выгадная расейскім войскам і можа пазбавіць Украіну ініцыятывы. Пуцін ня можа чакаць, што Ўкраіна выканае ўмовы гэтага раптоўна абвешчанага прыпыненьня агню, і, магчыма, заклікаў да гэтага, каб назваць Украіну няўступчывай і неахвочай рабіць неабходныя крокі для перамоваў», — адзначаюць экспэрты.
Паводле іх, Расеі патрэбен перапынак, каб даць сваім войскам магчымасьць адпачыць, аднавіцца, пераарыентавацца і аднавіць наступальныя апэрацыі на крытычных участках фронту.
Апроч таго, гэтая ініцыятыва Крамля накіраваная на тое, каб прадэманстраваць, што Ўкраіна нібыта прыдушвае рэлігійныя свабоды, а Пуцін зьяўляецца «сапраўдным абаронцам хрысьціянскай веры».
Як адрэагавалі на ініцыятыву Пуціна ў Кіеве
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ініцыятыва Пуціна аб нібыта спыненьні агню сьведчыць аб тым, што Расея хоча спыніць наступ Узброеных сіл Украіны на ўсходзе.
«Цяпер яны хочуць выкарыстаць Раство як прыкрыцьцё, каб хоць ненадоўга спыніць прасоўваньне нашых хлопцаў на Данбасе і падагнаць бліжэй да нашых пазыцый тэхніку, боепрыпасы і мабілізаваных. Што гэта дасьць? Толькі чарговае павелічэньне ліку стратаў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Лідэры заходніх краін назвалі ініцыятыву Пуціна фальшывай і крывадушнай
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выказаў скептыцызм наконт каляднага замірэньня.
«Я неахвотна рэагую на ўсё, што гаворыць Пуцін. Цікава, што ён быў гатовы бамбіць лякарні, дзіцячыя садкі і цэрквы 25-га [сьнежня] і на Новы год. То бок, я думаю, ён спрабуе перавесьці дыханьне», — працытавала Байдэна тэлекампанія CNN.
Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль перакананы, што адзіным сур’ёзным шляхам аднаўленьня міру зьяўляецца вывад расейскіх войскаў з Украіны, а не часовае замірэньне.
«Абвяшчэньне аб аднабаковым спыненьні агню ёсьць такім жа фальшывым і крывадушным, як і незаконныя і гратэскныя анэксіі і спадарожнікавыя рэфэрэндумы», — напісаў Шарль Мішэль на сваёй старонцы ў Twitter.
Міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас мяркуе, што Расея хоча каляднага замірэньня, каб потым з новымі сіламі забіваць украінцаў.
«Пуцін загадвае Шайгу абвясьціць каляднае замірэньне, бо забойцы ж стаміліся і хочуць адпачыць адзін дзень. Яны хочуць каляднага замірэньня, каб з новымі сіламі прадоўжыць забіваць украінцаў у сваёй уласнай краіне», — напісаў літоўскі міністар на сваёй старонцы ў Twitter.
Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэймс Клэвэрлі перакананы, што ініцыятыва Пуціна аб спыненьні агню не палепшыць пэрспэктывы міру.
«36-гадзінная паўза ў расейскіх атаках ніяк не палепшыць пэрспэктывы міру. Расея павінна назаўжды вывесьці свае войскі, адмовіцца ад незаконнага кантролю над украінскай тэрыторыяй і спыніць барбарскія напады на нявінных мірных жыхароў», — напісаў брытанскі міністар на сваёй старонцы ў Twitter.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.