Украінскія ўлады: Бахмут разбураны больш чым на 60%

Патрыятычны надпіс і партрэт галоўнакамандуючага войскам Украіны Валера Залужнага на доме ў Бахмуце, 20 сьнежня 2022

Расейскія войскі ніяк ня могуць узяць горад, але рэгулярна прыносяць яму ўсё большыя разбурэньні.

Больш за 60% Бахмуту разбурана падчас баёў і расейскага наступу на горад, якое працягваецца ўжо паўгода, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Паўло Кірыленка. Паводле яго слоў, у сераду ў выніку абстрэлаў горада загінулі два мірныя жыхары.

«Якія б спробы ўвайсьці ў горад ні рабіў праціўнік, яму не ўдаецца рушыць наперад. Якія б посьпехі яны ні мелі, яны былі адкінуты на ранейшыя пазыцыі за межы гораду, — сказаў Кірыленка ў эфіры ўкраінскага тэлемаратону, адзначае ВВС. — Фактычна, цяпер яны знаходзяцца на раўніннай спустошанай тэрыторыі, што таксама спрыяе велізарным стратам сярод асабовага складу».

Украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце ў сераду падзякаваў вайскоўцам, якія наносяць ворагу шматлікія страты і выбіваюць расейскія войскі з пазыцый у навакольлях Бахмуту.

«Акупанты ўжо паўгода пераносяць дату, калі чакаюць захопу ўсяго Данбасу. Вось чакалі да Новага году — а нашы абаронцы зноў дэманструюць посьпехі. Акупанты пастаянна павялічваюць свае сілы ў Данецкай вобласьці — яны робяць гэта і зараз. І кожны такі дзень нашых посьпехаў — гэта новы доказ вар’яцтва самой ідэі нападаць на Ўкраіну», — сказаў Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У баях пад Бахмутам Расея і Ўкраіна панесьлі вялікія страты, прарыў расейцаў там малаімаверны

Бахмут (з 1924 па 2016 гг. — Арцёмаўск) — колішні цэнтар саляной прамысловасьці, буйны чыгуначны вузел. Такі статус Бахмут меў да паўнамаштабнага расейскага ўварваньня ў 2022-м. У горадзе пражываюць болей за 80 тысяч чалавек. Расейскія прапагандысты нярэдка наўмысна называюць горад Арцёмаўскам, старой савецкай назвай. Бахмут беспасьпяхова спрабуюць узяць паўгода, украінскія войскі адбіваюць усе атакі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Уладзімір Зяленскі: «Расейскія войскі робяць усё, каб у Бахмуце не засталося ніводнай цэлай сьцяны»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.