Беларускі бізнэсовец расказаў аб рэпрэсіях сілавікоў за данаты ўкраінскаму войску

Адна з акцый салідарнасьці з Украінай ад беларусаў — два нацыянальныя сьцягі на вышцы ЛЭП

У канцы лютага 42-гадовы Аляксандар пералічыў каля 2 тысяч эўра для Ўзброеных сіл Украіны. Пасьля гэтага яго забралі на размову ў КДБ, а потым абвясьцілі падазраваным у фінансаваньні тэрарызму.

Да таго ж арыштавалі маёмасьць — кватэру, бізнэс, асабістыя рахункі і нават картку 10-гадовага сына з інваліднасьцю. Мужчына пасьпеў зьехаць разам зь сям’ёй. Але сілавікі ўзяліся за яго бацькоў: настойліва патрабуюць, каб тыя ўгаварылі сына вярнуцца ў краіну, піша сайт Zerkalo.

У 2021 годзе Аляксандра шукалі сілавікі ў справе ўдзелу таго ў пратэстах. Яму нават удалося ўцячы з кватэры з-пад самага носа міліцыянтаў. Але аднойчы ў кватэру ўварваліся сілавікі ў поўнай амуніцыі, білі яго, надзелі кайданкі, пагражалі жонцы і дзецям. У малодшага дзіцяці, якому тады было 8 гадоў, аўтаімуннае захворваньне. Рэмісія сарвалася, бо спужаўся.

З сабой сілавікі, па словах бізнэсоўца, мелі тэчку, у якой былі налепкі з «Пагоняй». Яны рыхтаваліся раскладаць іх і фатаграфаваць. Але ў выніку для сям’і ўсё абышлося. Магчыма, думае пара, чапаць ня сталі праз інваліднасьць дзіцяці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявіліся новыя дэталі пра першага беларуса, асуджанага за жаданьне ваяваць на баку Ўкраіны

Калі ў лютым 2022 пачалася вайна, сям’я глядзела ўкраінскія каналы. Мужчына пералічыў па 999 эўра два разы на патрэбы ўкраінскіх вайскоўцаў. Затым украінскі бок заблякаваў апэрацыі зь Беларусі. Тады Аляксандар паехаў у Гомельскую вобласьць, дзе перадаваў для ўкраінцаў гуманітарную дапамогу.

Празь некалькі тыдняў пасьля ахвяраваньняў украінскім вайскоўцам Аляксандра сустрэлі каля пад’езду двое незнаёмцаў у цывільным і запрасілі на гутарку ў КДБ.

«Я пацьвердзіў у КДБ, што плацяжы былі. І на ўкраінскі дзяржаўны рахунак, — тлумачыць Аляксандар. — Тады яны заявілі: „Вы ў курсе, што полк „Азоў“ у Расеі лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй?“ У мяне быў шок. Я пытаю: „А мы ў Расеі? Ці ў Беларусі Ўкраіна абвешчаная ворагам?“ Яны адказалі, што пакуль не, але, маўляў, гэта хутка зьменіцца».

У КДБ цікавіліся, чаму ён падтрымлівае не Расею, а Ўкраіну, чаму называе падзеі «вайной», а не «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй». Той патлумачыў, што ва Ўкраіне ў яго сваякі, ад якіх ён даведваецца ўсю інфармацыю зь першакрыніцы. І мае бізнэс ва Ўкраіне. Пасьля ён адмовіўся падпісаць паперы аб супрацоўніцтве, а праз тры гадзіны яму сказалі, што матэрыялы справы перададуць Сьледчаму камітэту для разбору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жахлівы прысуд «рэйкавым партызанам» — падрыхтоўка да ўступленьня ў вайну. Меркаваньне Юрыя Дракахруста

Зь Менску і пасьля гэтага прадпрымальнік зьяжджаць не зьбіраўся, кансультаваўся з адвакатам. Ягоны бізнэс неаднаразова правяралі, прасілі пацьвярджальныя дакумэнты рознага роду. Але пасьля чарговай размовы і запрашэньня на размову пра «фінансаваньне тэрарызму» Аляксандар наважыўся: з адным пакетам у руках ён выехаў у Варшаву, за некалькі гадзін да таго, як яму забаранілі пакідаць Беларусь.

Увосень да яго прыехала сям’я, цяпер яны наймаюць кватэру.

Пасьля выезду сям’і сілавікі пачалі атакаваць бацькоў Аляксандра. Яны рэгулярна ім тэлефануюць, правялі ператрус і апісалі маёмасьць. Намаўляюць паспрыяць вяртаньню сына ў Беларусь. Ён кажа, што бацькі вельмі перажываюць ад гэтага псыхалягічнага ціску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гаспадар баранавіцкай крамы нацыянальнай сымболікі «Росквіт» быў вымушаны пакінуць Беларусь

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.