Вайсковыя кіраўнікі ЗША і Ўкраіны абмеркавалі ваенныя пагрозы з тэрыторыі Беларусі

Кіраўнік аб’яданага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі, кастрычнік 2022

«Вораг захоўвае вайсковую прысутнасьць у памежных раёнах, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня выяўлена».

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны ў першай у новым годзе тэлефоннай размове з кіраўніком аб’яданага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Маркам Мілі абмеркаваў сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю.

«На данецкім кірунку нам удалося ўтрымаць пазыцыі вакол Аўдзееўкі і прадоўжыць контранаступальныя дзеяньні. Мы надзейна трымаем абаронныя рубяжы на запароскім кірунку і робім усё для абароны ад варожых абстрэлаў Херсону, найперш мірных жыхароў і крытычнай інфраструктуры горада. Сытуцыя на мяжы з Рэспублікай Беларусь цалкам кантраляваная», — паведаміў Валер Залужны па выніках размовы.

Іншых дэталяў аб сытуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны не ўдакладніў.

Валеры Залужны

Паводле яго, з 31 сьнежня Расея нанесла 14 удараў крылатымі ракетамі і 94 іранскімі дронамі.

Валер Залужны паведаміў, што найбольш складаныя баі вядуцца на кірунку Сватава — Крамянная, а таксама каля Лісічанску.

«Найбольш складанай сытуацыя застаецца на ўчастку Салядар — Бахмут — Маёрск. Там вораг фактычна па трупах сваіх спрабуе прасоўвацца наперед, але падразьдзелы Сіл абароны коштам звышнамаганьняў стрымліваюць варожы наступ», — адзначыў ён.

Сьпікер Генэральнага штабу Ўкраіны Аляксандар Штупун раніцай 4 студзеня паведаміў, што на Валынскім, Палескім, Сіверскім і Слабажанскім кірунках сытуацыя істотна не зьмянілася.

«Вораг захоўвае вайсковую прысутнасьць у памежных раёнах, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня выяўлена», — адзначыў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларускі Гаюн»: у Беларусь зноў прыляцеў расейскі самалёт-наводчык, як і 24 лютага

«Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў Беларусь зноў прыляцеў расейскі самалёт-наводчык, як і 24 лютага. Борт ДРЛА Іл-76 А-50У з рэгістрацыйным нумарам RF-50608 прызямліўся на аэрадром у Мачулішчах 3 студзеня ў 21:25.

Гэтыя самалёты выяўляюць цэлі і даюць пункты для ўдараў пілётам зьнішчальнікаў.