У 2022 годзе ўкраінскія вайскоўцы вызвалілі 40% тэрыторый, акупаваных пасьля 24 лютага, і 28% усіх акупаваных тэрыторый.
Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валерый Залужны.
Паводле яго слоў, сёньня ўкраінскія вайскоўцы працягваюць стрымліваць праціўніка на ўчастку сушы працягласьцю 3786 кілямэтраў, актыўная лінія фронту складае 1500 кілямэтраў.
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны таксама паведаміў, што ў 2022 годзе больш за 20 тысяч украінскіх вайскоўцаў прайшлі навучаньне на тэрыторыі 17 краін Эўропы.
«Падрыхтоўка асабовага складу і зводных вайсковых частак Узброеных сіл Украіны праводзіцца на тэрыторыі 17 краін Эўропы. У цэлым дзякуючы дзяржавам-партнэрам у 2022 годзе падрыхтавана больш за 20 тысяч вайскоўцаў», — паведаміў ён у Facebook.
У лютым 2022 году Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, атакуючы з поўначы, усходу і поўдня.
У 2022 годзе былі праведзены пасьпяховыя контранаступы ўкраінскіх войскаў, расейскія войскі былі адкінутыя з Кіеўшчыны, амаль з усёй Харкаўскай вобласьці і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці. Аднак расейская армія працягвае наступаць на Ўкраіну, наносячы масіраваныя ўдары з выкарыстаньнем ракет і бесьпілётнікаў, у прыватнасьці па крытычнай інфраструктуры.
Абсалютная большасьць апытаных украінцаў (97%) упэўненыя, што Ўкраіна зможа адбіць напад Расеі — пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага сацыялягічнай групай «Рэйтынг».
Паводле гэтага апытаньня, 85% украінцаў лічаць, што перамогай Украіны ў вайне з Расеяй стане вызваленьне ўсіх яе тэрыторый, уключаючы Крым і Данбас.