Ва ўрадзе Ўкраіны расказалі, як іх энэргасыстэма вытрымала 3 месяцы расейскіх ракетных атак
Герман Галушчанка
Міністар энэргетыкі Ўкраіны: «Маем набор тэхнічных рашэньняў для стабільнасьці работы энергасістэмы падчас пастаянных абстрэлаў».
Блэкаўт магчымы толькі ў тэорыі, лічыць міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка. Паводле Галушчанкі, энэргасыстэма Ўкраіны пастаянна даказвае сваю ўстойлівасьць на працягу амаль трох месяцаў масавых ракетных нападаў Расеі.
Міністар адзначыў, што так званы блэкаўт ва Ўкраіне магчымы тэарэтычна:
«Наша энэргасыстэма на працягу амаль трох месяцаў працуе пад пастаяннымі сыстэматычнымі абстрэламі. Таму ўжо ёсьць набор тэхнічных рашэньняў, каб забясьпечыць стабільнасьць яе працы. Гэта датычыцца і генэрацыі, і перадачы электраэнэргіі. Упэўнены, што сыстэма ўтрымаецца і ў далейшым пры наступных магчымых ударах», — заявіў Галушчанка ў эфіры нацыянальнага тэлемаратону Ўкраіны.
Як падкрэсьліў міністар, графікі абмежаваньня электразабесьпячэньня застануцца да канца ацяпляльнага сэзону з прычыны значных пашкоджаньняў і генэрацыі сыстэм перадачы электраэнэргіі. Аднак яны павінны быць кантраляванымі. Галушчанка таксама дадаў, што галіна прыкладае намаганьні, каб зрабіць адключэньні плянавымі і прагназаванымі.
Расея працягвае масавыя напады на ўкраінскія гарады ракетамі і бесьпілётнікамі. Падчас навагодніх сьвятаў расейскае войска нанесла некалькі маштабных удараў па Ўкраіне, якія пашкодзілі энэргетычную інфраструктуру і прывялі да аварыйных адключэньняў сьвятла.
Падчас нападаў у навагоднюю ноч УСУ зьнішчылі 45 расейскіх бесьпілётнікаў над Кіевам.