У Гомельскай жаночай калёніі памерла асуджаная

Жаночая калёнія ў Гомлі. Архіўнае фота

Надзвычайнае здарэньне адбылося ноччу з 14 на 15 сьнежня. Праваабронцы з спасылкай на лекараў паведамляюць, што прычынай сьмерці зьняволенай стала несвоечасовае аказаньне ёй мэдычнай дапамогі.

Як стала вядома «Гомельскай Вясьне», адну са зьняволеных, якая знаходзілася ў мэдычным боксе калёніі, экстрана адвезьлі ў рэанімацыйнае аддзяленьне Гомельскай гарадзкой лякарні. Аднак выратаваць жанчыну не ўдалося.

Лекары кажуць, што прычына ў нядбайнасьці мэдыкаў ПК-4, якія да апошняга не хацелі вывозіць жанчыну ў цывільную лякарню. У выніку мэдычная дапамога ёй была аказаная нясвоечасова. Прозьвішча памерлай і артыкул, паводле якога яна была асуджаная, лекары не агучылі.

Таксама праваабаронцам стала вядома пра пагаршэньне ўмоваў утрыманьня ў калёніі: з новага году застанецца ўсяго адзін відэазванок праз інтэрнэт-мэсэнджар, колькасьць тэлефонных званкоў таксама паменшыцца на адзін.

Гэтыя захады могуць быць зьвязаныя зь незадаволенасьцю адміністрацыі калёніі тым, што сваякі даведваюцца пра хваробы зьняволеных — гэта відаць і чуваць падчас тэлефонных размоваў і відэасувязі, адзначаюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Калесьнікава дагэтуль застаецца ў санчастцы гомельскай калёніі

У Гомельскай калёні знаходзіцца Марыя Калесьнікава і іншыя палітзьняволеныя жанчыны. У канцы лістапада з ШЫЗА гомельскай калёніі была дастаўленая ў рэанімацыю гомельскай лякарні Марыя Калесьнікава. Ёй тэрмінова рабілі апэрацыю. Паводле апошняй інфармацыі, цяпер палітзьняволеная знаходзіцца ў мэдчастцы калёніі.

У Гомельскай калёніі частку тэрміну адбывала палітзьняволеная Натальля Хершэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачыла, як адна жанчына другой загнала ў бок адкрутку». Гутарка з былой зьняволенай гомельскай жаночай калёніі