Хроніка перасьледу 26 сьнежня: 2,5 года калёніі для журналіста і ўласьніка «Кальяннай № 1» Мураўёва

Іван Мураўёў

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Фатографа і апэратара Івана Мураўёва затрымалі сёлета 1 верасьня.

Супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі проста ў «Кальянную № 1», якою кіруе Мураўёў. Да гэтага Івана ўжо затрымлівалі — 11 жніўня 2020 году выцягнулі з машыны, калі ён разам зь сябрам ехаў здымаць матэрыялы для тэлеканала «Звезда», піша «Вясна».

Працэс над Іванам пачаўся 22 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядала судзьдзя Алена Шылько.

26 сьнежня Шылько абвінаваціла Мураўёва паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і прысудзіла яму 2,5 года калёніі агульнага рэжыму, паведамляе БАЖ.

Як удакладнілі службе маніторынгу БАЖ знаёмыя Івана Мураўёва, яго справа заняла ўсяго два тамы з адным «злачынным» эпізодам. Маюцца на ўвазе яго відэаздымкі для расьсьледаваньня журналіста Стася Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале «Белсат». Сюжэт пад назвай «Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бэнэфіцыярамі справы артапэдаў» зьявілася сёлета ў ліпені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 сьнежня: 2 гады калёніі за «напад» на Азаронка; на беларуса завялі 58 крымінальных спраў за камэнтары

Затрымалі блогера Ўладзіслава Чаховіча

Як паведамляе «Вясна», у Менску затрымалі Ўладзіслава Чаховіча – вядучага Тэлеграм-каналу «Спадчына», рэдактара Вікіпэдыі і Twitter-блогера.

На «пакаяльным відэа» Чаховіч «прызнаецца» ў тым, што ён «супраць дзейнай улады» і «падтрымлівае Ўкраіну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы завочны прысуд: Герасіменю і Апейкіна пакаралі 12 гадамі зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў

Сяргею Чыгрыну дадалі яшчэ 15 сутак

Як паведамляе БАЖ, журналісту, пісьменьніку і краязнаўцу са Слоніму Сяргею Чыгрыну 26 сьнежня суд да ранейшых 7 сутак арышту дадаў яшчэ 15. Чыгрын меўся вызваліцца 23 сьнежня, аднак ня выйшаў.

Сяргея Чыгрына затрымалі 16 сьнежня, ён атрымаў 7 сутак адміністрацыйнага арышту, абвінавачаны ў перапостах з «экстрэмісцкіх рэсурсаў». Калегі зьвязваюць яго арышт з ранейшай працай у недзяржаўных мэдыя.

Сяргей Чыгрын да апошняга працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатру. Аднак пасьля яго арышту кіраўніцтва тэатру 19 сьнежня ў аднаасобным парадку прыняло рашэньне яго звольніць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада можа трымацца толькі на рэпрэсіях, больш ў яе няма ніякіх падмуркаў». Аляксандар Апейкін пракамэнтаваў завочны прысуд