Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 сьнежня: 2 гады калёніі за «напад» на Азаронка; на беларуса завялі 58 крымінальных спраў за камэнтары


Рыгор Азаронак. Архіўнае фота
Рыгор Азаронак. Архіўнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

На беларуса завялі 58 крымінальных спраў за камэнтары

Мужчыну затрымалі за перадачу інфармацыі пра аднаклясьніка-сілавіка ў «Чорную кнігу Беларусі» і нібыта пагрозы сілавікам у «дэструктыўных тэлеграм-каналах», паведамляе праўладны тэлеграм-канал. Сілавікі сьцьвярджаюць, што ён напісаў «43 тысячы экстрэмісцкіх камэнтароў», за што на яго завялі 58 крымінальных спраў.

Палітвязьня асудзілі на 2 гады калёніі за «напад» на Азаронка і яго апэратара

У судзе Заводзкага раёну Менску вынесьлі прысуд 25-гадоваму палітзьняволенаму Арцёму Забелянкову.

Яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і арт. 198 Крымінальнага кодэксу («Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста»).

Паводле праваабаронцаў, падчас удзелу ў «Маршы гонару» 11 кастрычніка 2020 году Арцём зьвярнуўся з патрабаваньнем спыніць відэаздымку да дзяржаўнага журналіста Рыгора Азаронка і апэратара Андрэя Іваненкі.

Судзьдзя Алена Капцэвіч прызначыла палітвязьню 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

У справе двое пацярпелых — Азаронак і Іваненка. Першы на суд не зьявіўся, а другі прасіў на працэсе не пазбаўляць хлопца волі. Азаронак у суд перадаў заяву, у якой казаў, што ня мае прэтэнзій да абвінавачанага.

Блогеры Кацярына і Сяргей Чарэшкі — на «Валадарцы»

Інстаблогеры Кацярына і Сяргей Чарэшкі — у СІЗА на «Валадарцы», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле папярэдняй інфармацыі, ім інкрымінавалі арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Кацярына і Сяргей Чарэшкі
Кацярына і Сяргей Чарэшкі

Пра затрыманьне сужэнцаў стала вядома 10 лістапада — мяркуючы па відэа сілавікоў, да блогераў прыйшлі за ўдзел у пратэстах.

Крымінальную справу супраць кіраўнікоў NEXTA перадалі генпракурору для накіраваньня ў суд

Папярэдняе расьсьледаваньне справы скончанае, паведамляе Сьледчы камітэт. На гэта спатрэбілася менш за 2 тыдні — Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб пачатку спэцыяльнага вядзеньня спраў супраць кіраўнікоў каналу NEXTA Сьцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка 9 сьнежня.

Іх будуць судзіць завочна. Пуцілу абвінавачваюць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэксу, Рудзіка — па 10 артыкулах. Адрозна ад Пуцілы, Рудзіку не інкрымінавалі «арганізацыю дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі». Канал NEXTA прызнаны ўладамі Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG