Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна вярнулася, бо пагражалі пасадзіць у турму маці». Хто такая адміністратарка чатаў «97%», якая прыехала ў Беларусь і была арыштаваная


Тацяна Курыліна
Тацяна Курыліна

Расказваем гісторыю гамяльчанкі Тацяны Курылінай, якая паверыла абяцаньням уладаў і трапіла за краты.

У лютым 2022 году прапагандыстка Ксенія Лебедзева выпусьціла сюжэт з былой адміністратаркай чатаў «97%» Тацянай Курылінай. У гутарцы Тацяна казала, што расчаравалася ў апазыцыйным руху і вярнулася ў Беларусь. 19 сьнежня з паведамленьня Генэральнай пракуратуры стала вядома, што яе будуць судзіць, Курылінай пагражае да 15 гадоў турмы, яе абвінавацілі ў закліках да санкцый, абразе прадстаўнікоў улады, масавых беспарадках, распальваньні варожасьці, паклёпе ў дачыненьні Лукашэнкі і іншых злачынствах.

Што за чаты «97%» і як Курыліна стала там адмінам

Падчас пратэстаў 2020 году ва ўсіх гарадах зьявіліся чаты «97%». Там каардынаваліся акцыі і мерапрыемствы, абмяркоўваліся розныя падзеі. Пазьней зьявіліся і раённыя чаты «97%». За допісы ў іх сотні людзей трапілі ў турму. У Гомлі адным з адмінаў чатаў «97%» была «Танка», яна ж Тацяна Курыліна. Мала хто з жыхароў Гомля знаў яе асабіста. На момант, калі Тацяна стала адмінам, яна ўжо больш за 10 гадоў жыла ў Маскве, працавала там бухгальтарам.

Чаты «97%» актыўна рэклямаваліся праз канал Nexta (яго стваральнік Сьцяпан Пуціла і рэдакцыя беларускія ўлады прызналі «тэрарыстычнай арганізацыяй». — РС). На пытаньне Свабоды, якім чынам гэты канал зьвязаны з чатамі «97%», ці ўдзельнічаў ён у адборы іх адмінаў, як туды трапіла Тацяна Курыліна, рэдакцыя Nexta адказала так:

«Мы не былі знаёмымі. Чатамі „97%“ займалася ня Nexta, а іх адміністратары — мы толькі некалькі разоў рэклямавалі. У мэтах бясьпекі адміністратараў ніколі нікому не раскрывалі. Ведаю, што яны актыўна камунікавалі паміж сабой — стваралі асобныя чаты. Хто быў у іх, ня ведаем».

«На агента яна не была падобная»

Сяргей (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя. — РС) пазнаёміўся з «Танкай» у Кіеве ў 2021 годзе.

«Яна да 2021 году жыла ў Маскве. Увосень 2021 прыехала ў Кіеў, каб зрабіць візу ў Польшчу. Жыла ў доме, дзе знайшлі прытулак многія палітычныя ўцекачы з Беларусі. Мне яна здалася нармальным, цікавым чалавекам, зь якім можна паразмаўляць. На агента яна была мала падобная. Асабліва нічога не выведвала», — расказвае суразмоўца.

Сам Сяргей пасьля пераехаў жыць у Польшчу. Неўзабаве туды ж, пад Варшаву, прыехала і «Танка».

«Мы кантактавалі. Тацяна скардзілася, што мае праблемы са здароўем, што вельмі цяжка працуе і гэта не дадае ёй здароўя, наадварот, адымае. Калі я даведаўся, што яна паехала ў Беларусь, то я быў проста ў шоку. Яна мне, дарэчы, тэлефанавала зь Беларусі. Апраўдвалася, што дала тое інтэрвію БТ. Казала, што яна ня так гаварыла, што сюжэт быў сфабрыкаваны і пададзены так, як трэба было прапагандзе. Яна сказала, што перад выездам у Беларусь пачысьціла ўсе чаты, перапіскі, выдалілася з адмінаў. Тэлефанавала, каб запэўніць мяне, што яна нікога не здала», — расказвае Сяргей.

«Наколькі я ведаю, ёй пагражалі, што пасадзяць яе хворую маці»

Алена камунікавала з «Танкай» і сустракалася зь ёй у Кіеве, бо яны былі адмінамі ў некаторых раённых чатах Гомля.

«У яе ў Гомлі заставалася хворая маці. Тацяне пагражалі, што маці „закрыюць“, калі яна ня вернецца. А калі вернецца, то нікога чапаць ня будуць. Як гэта водзіцца ў міліцыянтаў, проста схлусілі і „разьвялі“ яе. Ведаю, што перад паездкай у Беларусь яна пачысьціла ўсе перапіскі, выдаліла кантакты», — кажа Алена.

Суразмоўца дадае, што Тацяна здалася ёй «дзіўным чалавекам». «Не кажу „дрэнным“, але менавіта дзіўным. Яна не здалася мне надта разумнай ці баявой, як і ідэйнай. Ад яе ў мяне засталося ўражаньне, што яна нэафітка, якая ня вельмі разумее, што можа здарыцца», — кажа беларуска.

Яшчэ адна беларуска, Марыя, расказала Свабодзе, што на Тацяну выйшлі беларускія сілавікі і яны давалі ёй гарантыі, што ў турму пасьля вяртаньня жанчына ня трапіць.

«Сказалі, што максымум будзе „хатняя хімія“. Яна паехала, бо хацела праверыць на сабе, як гэта працуе. Сапраўды, яе адразу не пасадзілі. Зь лютага па чэрвень яна была на свабодзе. Проста хадзіла на допыты, давала паказаньні. Ведаю, што ёй прапаноўвалі выехаць зь Беларусі, гэта было магчыма. Нават пад падпіскай аб нявыезьдзе варыянтаў ёсьць шмат. Але яна не захацела. Чаму? Ня ведаю. Ці да апошняга верыла сілавікам, ці што іншае», — падзялілася Марыя.

«Калі яна каардынавала акцыі ў Гомлі, то яны абавязкова суправаджаліся аблавамі»

Ксенія падчас пратэстаў 2020 году жыла ў Гомлі і брала актыўны ўдзел ва ўсіх акцыях, як адкрытых, так і «партызанскіх».

«У нас быў раённы чат, там таксама адным з адмінаў была „Танка“. Яна ж каардынавала многія акцыі ў Гомлі: куды ісьці, што будзем менавіта рабіць і гэтак далей. Спачатку я да яе ставілася добра. Потым у мяне зьявіўся нейкі недавер. Бо як толькі яна ўдзельнічала ў плянаваньні акцый, асабліва таемных, партызанскіх, то такія акцыі суправаджаліся аблавамі міліцыі. Я цудам некалькі разоў ледзь ня трапіла пад затрыманьне».

Ксенія расказвае, што аднойчы ўдзельнікі гомельскіх чатаў вырашылі сабрацца, каб пазнаёміцца і скаардынаваць дзеяньні. У выніку на гэтую сустрэчу прыехалі і сілавікі.

«Не магу сказаць, што менавіта „Танка“ вінаватая ва ўсіх нашых правалах, але такое здаралася. Тады мы вырашылі свае раённыя акцыі праводзіць безь яе ўдзелу. Хоць яна надта была цікаўнай: „Дзе будзе акцыя? Можа, вам трэба дапамога, людзі?“. Але мы ўхіляліся ад яе дапамогі. Таму і наша раённая супольнасьць доўга пратрымалася, у адрозьненьне ад іншых раённых чатаў, якія тады ўжо былі разгромленыя», — кажа Ксенія.

Ксенія трымала сувязь з Тацянай і тады, калі тая была ў Маскве, і калі пераехала жыць у Польшчу.

«Тацяна мне расказвала, што яшчэ ў Маскве яе цягалі на допыты. Яна доўга не хацела пакідаць Маскву, хоць яе прасілі людзі, бо там было небясьпечна. Шмат людзей дапамагалі ёй пераехаць у Кіеў і потым у Варшаву. Дапамагалі многія. Але яна толькі скардзілася мне, што ёй у Польшчы надта цяжка, што яна мае праблемы са здароўем. Што яна вельмі цяжка працуе. Увесь час жалілася», — расказвае Ксенія.

Жанчына дадае, што таксама была шакаваная рашэньнем Тацяны паехаць у Беларусь.

«Акурат за дзень да выезду ў Беларусь яна цікавілася ў мяне падзеямі 2020 году: „А памятаеш, вы праводзілі такую акцыю? Памятаеш, хто ў ёй удзельнічаў?“. Такія дзіўныя пытаньні задавала. Прамых доказаў таго, што яна завэрбаваная, я ня маю. Але ейныя паводзіны і пытаньні былі як мінімум дзіўнымі. Калі яе пасадзяць, то хай ведае, што на супрацоўніцтва зь міліцыяй ці КДБ ісьці нельга», — дадала Ксенія.

Міліцыя працягвае затрымліваць беларусаў, якія прыяжджаюць з Польшчы

Практычна кожны тыдзень у тэлеграм-каналах, зьвязаных зь сілавікамі, зьяўляюцца новыя відэа зь беларусамі, якія вярнуліся з-за мяжы. Днямі ў адным зь іх зьявілася відэа зь сямейнай парай, якая два гады жыла за мяжой. Відэа суправаджалася камэнтарамі сілавікоў.

«Сямейная пара вымушана прыехала з-за мяжы, каб скарыстацца якасным бясплатным лячэньнем, але былі затрыманыя за мінулыя грахі і дзейнасьць супраць Беларусі ў складзе дыяспары. Кожны замежны экстрэміст „на алоўку“», — папярэдзілі сілавікі.

Пасьля праекту «Дарога дадому», які шырока рэклямавалі сілавікі ўзімку 2021 году, у сьнежні 2022 году праўладныя тэлеграм-каналы рэклямуюць «новы праект».

«Вы стаміліся ад бессэнсоўных паходаў на мітынгі і пастаяннай хлусьні? Вы з надзеяй шукаеце магчымасьць вярнуцца дахаты, але ня ведаеце, як? У вас зьявіўся шанец», — пішуць яго аўтары.

Яны заклікаюць хадзіць на сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі, фіксаваць іх на тэлефон, пазначаць геалякацыю і скідваць інфармацыю ў боты сілавікоў. Ці скарыстаўся хто гэтай прапановай, пакуль невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG