Супраць затрыманай былой журналісткі Шчыраковай распачалі крымінальную справу

Ларыса Шчыракова

Падрабязнасьці крымінальнай справы супраць былой журналісткі невядомыя.

Як стала вядома Свабодзе, супраць былой гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай, якую затрымалі 6 сьнежня, распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 369-1 Крымінальнага кодэксу («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусі»). Кара — да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Акалічнасьці крымінальнай справы пакуль не вядомыя.

16-гадовы сын Шчыраковай Сьвятаслаў у прытулку. Родным арыштаванай сына не аддалі, матывуючы гэта тым, што падлетка могуць перадаць «законнаму прадстаўніку» — бацьку. Ён жыве ў Новасібірску (Расея) і мае намер прыехаць у Гомель.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт абароны журналістаў: «Улады Беларусі павінны неадкладна абнародаваць прычыну арышту Ларысы Шчыраковай»

Камітэт абароны журналістаў на мінулым тыдні запатрабаваў празрыстасьці ад уладаў краіны, заявіўшы, што прычыну затрыманьня былой калегі неабходна назваць адкрыта.

Паводле адукацыі Шчыракова выкладчыца ангельскай мовы. Раней яна ўзначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака» (зьліквідаваную ўладамі. — РС). У апошнія месяцы былая журналістка займалася этнафотасэтамі — здымала людзей у народных беларускіх строях і адпаведных месцах. Сёлета яна пайшла вучыцца на факультэт псыхалёгіі.

Негледзячы на пагрозы, Шчыракова прынцыпова заставалася ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава завялі крымінальную справу. Ён за кратамі ўжо 100 дзён