Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава завялі крымінальную справу. Ён за кратамі ўжо 100 дзён


Уладзіслаў Багамольнікаў
Уладзіслаў Багамольнікаў

Крымінальную справу супраць сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава завялі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за нібыта «ўдзел у масавых беспарадках», ён затрыманы ў якасьці падазраванага, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

Сьвятар так і ня выйшаў на волю пасьля адбыцьця сёмага арышту, тэрмін якога заканчваўся 9 сьнежня. Агулам з 31 жніўня ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна 100 дзён.

У ізалятары на Акрэсьціна сьвятара трымалі ў перапоўненай камэры, бяз доступу да мэдычнай дапамогі, безь перадачаў і карэспандэнцыі. Цяпер у яго моцны кашаль, які не праходзіць зь ягонага першага арышту, калі ён хварэў на каранавірус. Група «Хрысьціянская візія» 1 сьнежня зрабіла заяву аб катаваньнях, якія ўжываюць супраць сьвятара ў ЦІП на Акрэсьціна.

Уладзіслава Багамольнікава сілавікі затрымалі 31 жніўня, выламаўшы дзьверы ў ягонай кватэры. 1 верасьня яму прысудзілі 14 дзён арышту, па іх заканчэньні — яшчэ 15, на наступны дзень пасьля другога суду адбыўся трэці, дзе яго зноў асудзілі на 15 дзён нібыта за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» СМІ. Чацьвёрты суд адбыўся 14 кастрычніка, пяты — 29 кастрычніка. Затым былі шосты і сёмы.

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыходу храма Богаяўленьня ў Менску, загадчык Царкоўна-гістарычнага музэю Беларускай праваслаўнай царквы, сябра эпархіяльнага суду Менскай япархіі, выкладчык Менскай духоўнай акадэміі. Гэты сьвятар вядомы як прыхільнік перамен у Беларусі.

Ён галадаваў у падтрымку палітвязьня журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а на «плошчы Перамен» у Менску адпраўляў літыю па забітым мастаку Раману Бандарэнку. Акрамя таго, сьвятар дапамагаў украінскім уцекачам, на гэтай падставе прапаганда разгарнула супраць яго ганеньне нібыта за збор сродкаў для УСУ. Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Ўладзіслаў Багамольнікаў быў сярод праваслаўных сьвятароў, якія выступілі са зваротам супраць вайны.

Праваабаронцы прызналі Ўладзіслава Багамольнікава палітвязьнем. Гэта ўжо другі праваслаўны сьвятар-палітвязень: перасьлед закрануў таксама сьвятара Сяргея Разановіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG