У палку імя Каліноўскага паведамілі пра раненьне свайго байца

Шэўрон беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага

На мінулым тыдні быў паранены баец батальёна «Волат»; ён шпіталізаваны, ягонаму жыцьцю нічога не пагражае.

Байцы батальёну «Волат» беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ва Ўкраіне, «працягваюць пасьпяхова выконваць баявыя задачы на адным з самых гарачых кірункаў фронту», паведаміла на брыфінгу 12 сьнежня афіцыйная прадстаўніца воінскага фармаваньня Крысьціна «Чабор».

«Падчас выкананьня апэрацыі адзін з байцоў быў паранены. Ён шпіталізаваны, на гэты момант ягонаму жыцьцю нічога не пагражае», — адзначыла яна.

Паводле сьпікеркі палка, мінамётныя падразьдзяленьні батальёну «Літвін» на мінулым тыдні «ўдзельнічалі ў баявых задачах з сумежнікамі УСУ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Полк Каліноўскага і «Кібэрпартызаны» заявілі пра аб’яднаньне. ВІДЭА

«Выведка батальёну працавала на лініі фронту. Частка байцоў працягвае трэнінгі для падрыхтоўкі да выкананьня новых задач», — паведаміла «Чабор».

«Палкавое падразьдзяленьне бесьпілётных лятальных апаратаў імя Мікіты Крыўцова працягвае падрыхтоўку асабовага складу да баявой задачы. Паколькі нядаўна падразьдзяленьне БПЛА пашырылася, праводзіцца неабходнае баявое зладжваньне асабовага складу. Стратаў на гэтым тыдні няма», — дадала яна.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны ў пачатку сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было аб’яўлена аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў — «Волат» і «Тэрор». Пазьней быў сфармаваны трэці батальён, «Літвін». Пасьля «Тэрор» стаў асобным батальёнам па-за складам палка.

Вядома пра сьмерць больш як 15 беларускіх байцоў на вайне ва Ўкраіне.

У Беларусі па факце стварэньня палка імя Каліноўскага завялі крымінальную справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Полк Каліноўскага назваў імя загінулага ва Ўкраіне беларуса з пазыўным «Якуб» і распавёў падрабязнасьці ягонай гібелі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Усе аб’яднаныя адной ідэяй — вызваліць Беларусь і вярнуцца дамоў». Выйшаў фільм-рэпартаж пра полк Каліноўскага

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.