Лукашэнка расказаў, як Зяленскі мусіць пачынаць перамовы з Расеяй, і паабяцаў апублікаваць зьвесткі аб плянах наступу NATO

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не павінен выстаўляць вызваленьне ўкраінскіх тэрыторыяў як папярэднюю ўмову для пачатку перамоваў з Расеяй.

«Гэта папярэдняя ўмова, якая непрымальная для Расеі. На цяперашнім этапе Расея ўвогуле можа не прыняць гэтыя ўмовы — „сыходзьце з Запарожжа, Херсону і гэтак далей“. Нельга такія патрабаваньні выстаўляць Расейскай Фэдэрацыі. З шматлікіх прычынаў», — сказаў Лукашэнка журналістам у Бішкеку пасьля пасяджэньня Найвышэйшага Эўразійскага савету.

Як паведаміла БелТА, Лукашэнка параіў «абмяркоўваць у цішыні і спакоі ўсе пытаньні: хто што мусіць вызваліць — або Расея, або Ўкраіна».

«Калі гэтых крокаў няма, чытай: яны ня хочуць гэтых перамоваў і размоваў», — заявіў ён. Лукашэнка таксама дадаў, што Пуцін ніколі зь ім не абмяркоўваў пытаньні ўкраінскіх тэрыторыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заявіў пра адмову ад даляра ЗША ва ўзаемаразьліках Беларусі і Расеі

Таксама Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў аб нібыта плянах наступу NATO на Расею з Данбасу, і для гэтага ў 2020-м годзе нібыта быў арганізаваны «мяцеж у Беларусі».

«Мы дакладна ведаем. Неўзабаве, я Пуціну сказаў, мы абнародуем гэтыя факты, як яны павінны былі пасьля 2020 году — мяцяжу ў Беларусі, калі складзецца сытуацыя і выйдуць на мяжу Смаленскай вобласьці з войскамі NATO (захопяць уладу), — пачаць вайну супраць Расеі з Данбасу», — цытуе БелТА Лукашэнку.

Паводле яго, прычынай мусіла стаць тое, што Расея захапіла чужыя тэрыторыі.

«Адтуль павінна была пачацца вайна ў 2021-м, можа, у 2022 годзе. Расея спрацавала на апярэджваньне. Таму ня трэба Расею папракаць з прычыны заяваў Парашэнкі, Мэркель... Хлусьлівых заяваў, што Расея пачала вайну», — дадаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну і надаў войскам Расеі тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мэта Расеі ва Ўкраіне тая ж, што і ў Беларусі ў 1654-м». Польскі гісторык пра сапраўдныя прычыны вайны і карані расейскай імпэрскасьці