Расея не спыняе ўдараў па Херсоне. Выведка Брытаніі папярэджвае аб новых атаках дронамі

Наступствы абстрэлу Херосона. Ілюстрацыйнае фота

Улады Херсонскай вобласьці заявілі, што цягам 8 сьнежня расейцы нанесьлі 68 удараў па населеных пунктах рэгіёну.

«Чарговы раз абстралялі Херсон, пацэлілі ў жылыя будынкі і іншую цывільную інфраструктуру», — паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч.

Паводле яго, расейцы выкарыстоўваюць для ўдараў па Херсоншчыне артылерыю, ракетныя ўстаноўкі, танкі і мінамёты. У выніку абстрэлаў 2 мірныя жыхары рэгіёну загінулі і яшчэ 8 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці.

Абстрэлы Херсону пачаліся адразу пасьля таго, як расейскія войскі пакінулі тэрыторыю гораду.

Генштаб Украіны ўпершыню не згадаў аб сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю

Сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун у ранішняй зводцы ўпершыню не згадаў аб сытуацыі на Валынскім і Палескім кірунках. Да сёньня кожны дзень паведамлялася аб адсутнасьці істотных зьмен на мяжы і захаваньні пагрозы нанясеньня ўдараў зь беларускай тэрыторыі.

Паводле Аляксандра Штупуна, 8 сьнежня расейскія войскі нанесьлі 5 ракетных і тры авіяцыйныя ўдары па населеных пунктах Украіны, а таксама ажыцьцявілі 54 абстрэлы з рэактыўных сыстэм залпавага агню.

Найбольш інтэнсіўныя баявыя дзеяньні сканцэнтраваліся на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках у Данецкай вобласьці. Там расейцы працягваюць наступ.

Паводле экспэртаў амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), расейцы палепшылі свае пазыцыі ў раёне Сватава і правялі контратакі ў раёне Крамянной.

Выведка Вялікай Брытаніі: Расея атрымала новыя дроны

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі зьвярнулі ўвагу на тое, што 6 сьнежня Расея пасьля трохмесячнага перапынку аднавіла выкарыстаньне дронаў у атаках супраць Украіны.

«Гэтыя падзеі яшчэ трэба праверыць, але цалкам імаверна, што Расея вычарпала свае папярэднія запасы ў некалькі сотняў Shahed-131 і 136 і цяпер атрымала дадатковыя запасы. Цалкам імаверна, што Расея аднавіла атакі пры дапамозе нядаўна атрыманых бесьпілётнікаў», — мяркуюць брытанскія выведнікі.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч з 6 на 7 сьнежня Расея запусьціла на тэрыторыю Ўкраіны 14 бесьпілётнікаў «Shahed-136/131». Усе яны былі зьбітыя сіламі ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Зяленскі ўзнагародзіў беларуса, які браў удзел у вызваленьні Херсоншчыны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы абстралялі нядаўна вызвалены Херсон. Ёсьць ахвяры

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.