У Гомлі затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову, яе сына забралі ў прытулак

Ларыса Шчыракова, архіўнае фота

Свабодзе стала вядома, што вечарам 6 сьнежня ў Гомлі затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову. Яе сына-падлетка забралі ў «Сацыяльна-пэдагагічны цэнтар» у Гомельскім раёне.

«Прычыны і абставіны затрыманьня пакуль невядомыя. Толькі тое, што яна цяпер у ізалятары, сын Сьвятаслаў — у прытулку. Ніякай ні актыўнай, ні журналісцкай дзейнасьцю Ларыса апошнія гады не займалася», — паведаміла крыніца Свабоды.

Ларыса Шчыракова — вядомая ў Гомлі журналістка. Да 2021 году яна супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданьняў. Здымала дакумэнтальныя фільмы, вяла свой праект ушанаваньня памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя». Шчыракова запісвала сьведчаньні сваякоў рэпрэсаваных, на падставе гэтых запісаў выходзілі публікацыі і дакумэнтальныя фільмы.

Паводле адукацыі Шчыракова выкладчыца ангельскай мовы. Раней яна ўзначальвала краязнаўчую арганізацыю «Талака» (зьліквідаваную ўладамі. — РС).
У апошнія месяцы былая журналістка займалася этнафотасэтамі — здымала людзей у народных беларускіх строях і адпаведных месцах. Сёлета яна пайшла вучыцца на факультэт псыхалёгіі. Негледзячы на пагрозы, Шчыракова прынцыпова заставалася ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 лютага: у Менску КДБ затрымаў студэнта; у Магілёве ператрус у выкладчыка, у Гомлі — у журналісткі Шчыраковай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яе ў нас няма». У Гомлі зьнікла журналістка, якую ўчора пасадзілі ў ізалятар