Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 18 лютага: у Менску КДБ затрымаў студэнта; у Магілёве ператрус у выкладчыка, у Гомлі — у журналісткі Шчыраковай


Сілавікі ў Менску, архіўнае фота
Сілавікі ў Менску, архіўнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Сілавікі ціснуць на палітвязьняў і ў месцах адбыцьця пакараньня.

У гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай прайшоў ператрус

Падрабязнасьці і прычыны ператрусу пакуль невядомыя. Жанчыну забралі сілавікі, але хто і куды — таксама пакуль невядома, паведамляе «Вясна». Тыдзень таму Ларыса Шчыракова заявіла, што завяршае журналісцкую кар’еру ў Беларусі, бо выданьні, дзе яна працавала, прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Увечары Ларыса Шчыракова напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што пасьля допыту ў ГУБАЗіК яе адпусьцілі, але забралі новую тэхніку, не пакінуўшы пратаколу.

У Магілёве ператрус у выкладчыка

Каля 14 гадзіны дня 18 лютага праходзіць ператрус у Магілёве ў былога выкладчыка МДУ імя Куляшова, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Агеева, паведамляе «Вясна». Раней выкладчыка прымусілі звольніцца з ВНУ празь ягоную грамадзкую пазыцыю за два гады да пэнсіі.

У Менску затрымалі студэнта і айцішніка

18 лютага раніцай затрымалі менчука Канстанціна Зімніцкага, паведамляе «Вясна».

Канстанцін вучыцца ва Ўнівэрсытэце права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналёгій. Вось што пра затрыманьне расказалі ягоныя родныя:

«Было 7 раніцы, мы сьпім і чуем званок у дзьверы, тата Косьці адчыніў іх, і забег АМАП, надзеў на Косьцю кайданкі. Правялі ператрус, мы не разумелі, на якой падставе. Назвалі артыкулы за хуліганства, экстрэмізм і наркотыкі. Забралі ягоны тэлефон і сьцягі. Зразумела, ніякіх наркотыкаў не было. Косьцю забралі ва ўпраўленьне КДБ».

Канстанцін — музыка, ён супрацоўнічаў зь вядомымі беларускімі выканаўцамі.

Як стала вядома праваабаронцам, 17 лютага ў Менску затрымалі супрацоўніка EPAM Аляксея Паповіча. Прычыны і падрабязнасьці затрыманьня невядомыя.

Новыя ператрусы ў палітвязьняў на «хіміі»

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Сілавікі ціснуць на палітвязьняў і ў месцах адбыцьця пакараньня, паведамляе «Вясна».

Праваабаронцам стала вядома пра ўчорашнія ператрусы і допыты палітзьняволеных у папраўчай установе адкрытага тыпу № 46 (г.п. Круглае). Там свае тэрміны адбываюць 10 палітвязьняў. Ператрусы і допыты праводзілі супрацоўнікі КДБ. Ёсьць інфармацыя, што аднаго з палітвязьняў дапытвалі 12 гадзін.

Таксама ўчора ўвечары зьявілася інфармацыя пра ператрусы і ў палітзьняволеных на «хіміі» ў Ваўкавыску. Па зьвестках «Вясны», супрацоўнікі КДБ рабілі вобшукі ў зьняволеных папраўчай установы адкрытага тыпу №29. Там адбываюць тэрміны 9 палітвязьняў.

За ўключаную песьню «Перемен» Цоя пад Акрэсьціна жанчыну аштрафавалі на 2880 рублёў

У судзе Маскоўскага раёну Менску 1 лютага адбыўся суд над Юліяй Харытановіч. У канцы студзеня яна разам з былым мужам і дзіцем знаходзіліся ў машыне каля ЦІПа на Акрэсьціна. Згодна з пратаколам, яна «ўключыла песьню Віктара Цоя „Перемен“ з мэтай выказваньня сваіх грамадзка-палітычных поглядаў». Віну сваю жанчына не прызнала — сьцьвярджае, што песьню ўключыла выпадкова, паведамляе «Вясна».

Згодна з рапартам міліцыянта, сілавікі не пасьпелі адразу затрымаць Харытановіч, бо яна зьехала раней, чым тыя прыехалі на «месца зьдзяйсьненьня правапарушэньня».

Да матэрыялаў справы міліцыянты далучылі і пратакол агляду YouTube са скрыншотамі відэаматэрыялаў, у назьве якіх ёсьць слова «Перемен». З прагледжаных матэрыялаў яны зрабілі выснову, што гэтая песьня — сымбаль пратэсту. Судзьдзя Тацяна Мотыль адзначыла, што сьпяваць або слухаць «Перемен» — значыць «выкарыстоўваць яе як форму пратэсту, што відавочна сьведчыць аб выказваньні канкрэтных грамадзка-палітычных поглядаў альбо пратэсту».

У выніку судзьдзя Мотыль прызнала маці непаўналетняга дзіцяці вінаватай па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне) і аштрафавала яе на 2880 рублёў (90 базавых велічыняў).

У Берасьці судзяць фігуранта «пінскай справы». «Пацярпелыя» сілавікі патрабуюць яго пакараць «па максымуме»

Справу 23-гадовага Алега Ардзюка разглядае судзьдзя Сьвятаслаў Каліна. Пракурор — Вадзім Багатка. Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, Ардзюк 9 жніўня 2020 году ў Пінску выламаў кол, які падпіраў дрэва, разламаў гэтую палку на дзьве часткі, адну зь іх кінуў у бок міліцыянтаў «з мэтай нанясеньня пашкоджаньняў» і «наўмысна пагражаючы гвалтам». Хлопцу таксама ставіцца ў віну, што ён кінуў у бок сілавікоў жменю зямлі.

На судзе палітвязень прызнаў цалкам віну і нанесеную шкоду. Ардзюк ужо сплаціў кампэнсацыю КВУП ЖРЭУ ў памеры 50 рублёў, і столькі ж перавёў УУС Брэстаблвыканкаму.

Як высьветлілася, Алега Ардзюка затрымалі 15 верасьня 2021 году проста ў войску, дзе ён праходзіў тэрміновую службу з 26 лістапада 2020-га. На некаторыя пытаньні ў судзе ён адказвае: «Никак нет!», «Так точно!», піша «Брэсцкая вясна».

Па справе дапытваюць больш за 100 пацярпелых міліцыянтаў, бо крымінальная справа «агульная» на ўсіх пінскіх пратэстоўцаў. Некаторыя з «пацярпелых» сілавікоў на пытаньні суду, як, па-іхнаму, варта пакараць палітвязьня, адказвалі: «Строга!», «Па максымуме па дадзеным артыкуле».

У «пінскай справе» за акцыю пратэсту з 9 на 10 жніўня 2020 году на тэрміны ад 3 да 6,5 года зьняволеньня з выплатай звыш 200 тысяч рублёў кампэнсацыі сілавікам і чыноўнікам асудзілі ўжо 3 групы абвінавачаных (26 чалавек).

Іх абвінавацілі, сярод іншага, ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі, у закліках дэмантаваць тратуарную плітку і «біць сілавікоў», у пагромах, пашкоджаньні і зьнішчэньні маёмасьці, кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек, ударах па сілавіках рукамі і нагамі. Судзьдзі, якія вынесьлі прысуды: Сьвятаслаў Каліна, Андрэй Грушко, Вера Філонік, Яўген Брэган.

Жанчыну, якой не давалі на Акрэсьціна батарэйкі да слыхавога апарата, зноў затрымалі

У Менску 17 лютага затрымалі 51-гадовую Алену Левіну, даведаліся праваабаронцы «Вясны». Вядома, што адразу яе даставілі ў Ленінскі РУУС, а потым перавезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна. У ліпені Алена адседзела на Акрэсьціна 45 сутак запар па трох пратаколах. У верасьні яе зноў затрымалі, але пасьля суду адпусьцілі, аштрафаваўшы на 5 базавых велічыняў. Паводле якога артыкула Алену затрымалі гэтым разам — невядома.

У Левінай ёсьць праблемы са слыхам: яна носіць слыхавы апарат. Мінулым разам на Акрэсьціна ў Алены селі батарэйкі ў апараце, а безь яго жанчына вельмі дрэнна чуе. Супрацоўнікі ЦІП тады адмовіліся перадаць для яе новыя батарэйкі, пры тым, што яны прынялі іх ад сваякоў жанчыны. На сваю просьбу яна атрымала адказ ад супрацоўніка ЦІП Аляксея Цішачкіна: «Мне пох... чуе яна ці не». Падчас другога суду Левінай усё ж такі выдалі батарэйкі, каб яна магла ўдзельнічаць у судовым працэсе, але адразу пасьля суду іх зноў забралі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG