Раённыя камісарыяты Беларусі працуюць без выходных — у Менскай вобласьці завяршаюць праверку зьвестак

Адзін з вайсковых камісарыятаў Менску

Па даручэньні Лукашэнкі беларускія вайсковыя камісарыяты праводзяць праверку зьвестак прыдатных да вайсковай службы мужчын. Пры гэтым улады адмаўляюць падрыхтоўку да мабілізацыі.

Як паведаміла дзяржаўная газэта «Мінская праўда», на першым этапе праходзіла праверка і ўдакладненьне зьвестак вайсковаабавязаных на прадпрыемствах і ў арганізацыях па месцы працы.

«У цяперашні момант у вайсковых камісарыятах праходзіць завяршальны этап праверкі ўліковых дадзеных вайсковаабавязаных, які працягнецца да 30 сьнежня. Праводзяцца кантрольнае апавяшчэньне і яўка ў камісарыяты ў сувязі з праверкай зьвестак», — адзначыў вайсковы камісар Менскай вобласьці палкоўнік Ігар Тарабеш.

Праверка зьвестак вайсковаабавязанага, як удакладнілі ў абласным камісарыяце, доўжыцца ад 10 да 20 хвілін. Пасьля ўдакладненьня інфармацыі людзі вяртаюцца на месца працы ці дадому. З сабой неабходна мець пашпарт, вайсковы білет і іншыя неабходныя дакумэнты, пазначаныя ў позьве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы як адзіная армія сёньня рыхтуемся» – Лукашэнка прызнаў падрыхтоўку расейскіх войскаў у Беларусі

Па словах Тарабеша, застаецца праверыць дадзеныя тых, хто жыве па-за межамі Менскага раёну ці за мяжой. Прайсьці праверку зьвестак можна ў любым найбліжэйшым да фактычнага месца пражываньня камісарыяце. Пасьля гэтага цягам трох дзён дадзеныя прыбудуць у камісарыят па месцы прапіскі грамадзяніна.

Дзеля гэтага ваенкаматы ў раёнах працуюць без выходных — грамадзян прымаюць у любы дзень і ў любы, нават звычайна непрацоўны, час.

Як сказаў намесьнік начальніка напрамку ідэалягічнай работы і сацыяльнай абароны вайсковага камісарыяту Менскай вобласьці падпалкоўнік Уладзімер Сыпаў, ужо больш за 85% жыхароў Менскай вобласьці, што стаяць на вайсковым уліку, прайшлі праверку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі беларуса, якому далі позву ў камісарыят у Чалябінску. Ён хоча абскардзіць рашэньне аб мабілізацыі ў судзе