Калі Марыю Калесьнікаву прывезьлі на «хуткай» у лякарню, яна прасіла зьвязацца з бацькам, каб прыняць рашэньне наконт апэрацыі, піша тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі пасьля ўчарашняга 10-хвіліннага спатканьня Марыі з бацькам Аляксандрам Калесьнікавым.
Лекары растлумачылі Марыі, што ў яе разьвілося запаленьне брушыны, прымаць рашэньне трэба неадкладна. Марыя дала згоду на апэрацыю.
Ёй зрабілі ляпараскапію зь невялікім разрэзам. Гаеньне адбываецца нармальна, дрэнажу ўжо няма. Па словах лекараў у мэдсанчастцы, усе неабходныя працэдуры і аналізы робяць.
Цяпер Марыя мала есьць, бо на гэты момант ежа ў калёніі ёй не падыходзіць. У мэдсанчастцы паабяцалі скарэктаваць харчаваньне.
Пры гэтым, як адзначае тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, Марыя неаднаразова прасіла, каб усе падрабязнасьці пра яе стан і дыягназ паведамілі бацьку. Аднак гэтага так і не здарылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бацька сустрэўся з Марыяй Калесьнікавай. Вось што ён расказвае. ФотаПятага сьнежня Аляксандру Калесьнікаву дазволілі ўбачыць дачку і пераканацца, што яна ў парадку. Марыя схуднела, у яе пакуль што мала сілаў.
Дзесяціхвіліннае спатканьне праходзіла пад наглядам лекара і супрацоўнікаў калёніі. Марыю яшчэ на выходных перавялі з гомельскага шпіталя хуткай дапамогі ў калёнію — цяпер яна ў мэдычным стацыянары. Яшчэ ня менш як 10 дзён яна будзе пад наглядам лекараў. Дыягназ — прабадная язва, паведамляе тг-канал Віктара Бабарыкі.
Марыя Калесьнікава перадавала падзяку дактарам шпіталя хуткай дапамогі, якія ўратавалі ёй жыцьцё.
Крыніцы Радыё Свабода паведамлялі, што мэдычнаму пэрсаналу шпіталя забаронена нешта расказваць пад пагрозай крымінальнага перасьледу.
30 лістапада Свабоды паведамілі, што Марыю Калесьнікаву прывезьлі ў рэанімацыю гомельскага шпіталя ў цяжкім стане.
Раней Свабода паведамляла, што ў шпіталі хуткай дапамогі яе ахоўвалі трое сілавікоў, адзін зь іх быў з аўтаматам.
Для пацыентаў-вязьняў, якія паступаюць у гомельскі шпіталь хуткай дапамогі, разьмешчаны ў самым цэнтры Гомля ля гарадзкога парку, ёсьць у хірургіі адмысловая палата з кратамі і месцам для канвойных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава пасьля апэрацыі застанецца ў шпіталі да 5 сьнежняУ верасьні 2020 году каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году асудзілі на 11 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зь лекараў, мэдсясьцёр і санітарак шпіталя, дзе ляжала Калесьнікава, узялі падпіску аб невыдаваньні, пагражалі крымінальным артыкулам