Губэрнатар Курскай вобласьці заявіў аб «атацы бесьпілётніка» на вайсковы аэрадром. Гэта трэці такі выпадак у Расеі за два дні

Пажар на аэрадроме ў Курску

На аэрадроме ў Курскай вобласьці ідзе пажар пасьля нападу дрона, заявіў губэрнатар вобласьці Раман Старавойт раніцай 6 сьнежня.

«У выніку атакі бесьпілётніка ў раёне курскага аэрадрома загарэўся нафтаназапашвальнік. Пацярпелых няма. Пажар лякалізуецца. Усе спэцслужбы працуюць на месцы», — напісаў ён у сваім Telegram.

Украінскае камандаваньне гэтага паведамленьня пакуль не камэнтавала.
Напярэдадні раніцай 5 сьнежня стала вядома аб выбухах на аэрадроме стратэгічнай авіяцыі ў Энгельсе і авіябазе Дзягілева на ўскраіне Разані ў Расеі. У Дзягілеве, што за 500 кілямэтраў ад лініі фронту, дысьлякаваны самалёты-запраўнікі Іл-76, разьмяшчаецца 43-і Цэнтар баявога прымяненьня і перавучваньня лётнага складу, пілётаў далёкай авіяцыі.
Міністэрства абароны Расеі абвінаваціла ва ўдары Ўкраіну.

Украінскі бок традыцыйна афіцыйна не камэнтуе паведамленьняў аб нападах на тэрыторыі Расеі. Ускосна атакі пацьвердзіў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк — пасьля паведамленьняў аб выбухах ён напісаў у твітары, што «зямля круглая».

Атакі на вайсковыя аэрадромы 5 сьнежня

Газета Тhe New York Times са спасылкай на высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка, які пажадаў застацца ананімным, паведаміла, што два вайсковыя аэрадромы Энгельса і Дзягілева бесьпілётнікамі атакавала Ўкраіна.

Паводле крыніцы амэрыканскага выданьня, бесьпілётнікі былі запушчаныя з тэрыторыі Ўкраіны, і як мінімум адзін з удараў быў нанесены пры дапамозе супрацоўніка спэцыяльнага прызначэньня, які знаходзіўся паблізу базы і дапамагаў наводзіць бесьпілётнікі на мэту.

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, адказваючы на пытаньне аб датычнасьці ўкраінскіх вайскоўцаў да гэтых атак, сказаў, што яны сталі вынікам парушэньня тэхнікі бясьпекі, і таму там адбылася «бавоўна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі адбыліся выбухі на двух аэрадромах: ёсьць ахвяры, пашкоджаны ракетаносцы Ту-95, якія атакуюць Украіну