У Кангрэс ЗША унесьлі законапраект аб прызнаньні ПВК «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй

Яшчэ 3 сакавіка 2022 году ЗША ўвялі санкцыі супраць Яўгенія Прыгожына

У Кангрэс ЗША унесьлі законапраект аб прызнаньні расейскай ПВК «Вагнэр» замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй.

Дакумэнт унесьлі ў Кангрэс 1 сьнежня. Праект закону «Аб прыцягненьні да адказнасьці расейскіх наймітаў» прадставілі рэспубліканец Роджэр Уікер і дэмакрат Бэн Кардын.

Дакумэнт зьмяшчае патрабаваньне да дзяржсакратара ЗША прызнаць ПВК «Вагнэр» і любыя афіляваныя з гэтай прыватнай вайсковай кампаніяй групы, а таксама яе пераемніц замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй.

Бэн Кардын назваў расейскую ПВК «ценявой арміяй» і заявіў, што ўлады ЗША павінны прыцягнуць яе да адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік МЗС Эстоніі адправіць у Гаагу кайданкі для заснавальніка ПВК «Вагнэр» Прыгожына

«Група „Вагнэр“ зьвязана зь незьлічонымі зьверствамі ва Ўкраіне, Сырыі і на ўсім Афрыканскім кантынэнце. ЗША павінны неадкладна прызнаць яе замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй. Гэта зьменшыць колькасьць расейскіх узброеных сіл і дапаможа прыцягнуць да адказнасьці парушальнікаў правоў чалавека», — лічыць Кардын.

Аналягічную ініцыятыву плянуецца ўнесьці на разгляд у Палату прадстаўнікоў ЗША. Законапраект ужо падрыхтавалі дэмакраты Стывен Коэн і Марк Візі сумесна з рэспубліканцамі Джо Ўілсанам і Рычардам Хадсанам.

Раней дэпутаты Эўрапарлямэнту зьвярнуліся да кіраўніцтва ЭП з просьбай разгледзець пытаньне аб уключэньні ПВК «Вагнэр» у сьпіс тэрарыстычных арганізацый. Аб гэтым напісала Politico. Аўтары ліста падкрэсьлілі, што, нягледзячы на ўключэньне лідэраў ПВК у санкцыйны сьпіс Эўразьвязу ў пачатку гэтага году, ЭЗ павінен прыняць больш жорсткія меры ў дачыненьні да гэтай вайсковай кампаніі, а менавіта — уключыць яе ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Колькасьць зьняволеных у калёніях Расеі за два месяцы скарацілася на рэкордныя 23 тысячы чалавек

ПВК «Вагнэр» ня значыцца на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асоб, аднак яе байцы, паводле зьвестак шматлікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, бяруць удзел у наземных апэрацыях РФ у Сырыі і ў вайне ва Ўкраіне. ПВК лічыцца адным з найбольш баяздольных падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічаюць у баях на ўкраінскіх тэрыторыях. Яе байцоў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.

Улетку 2022 году зьявіліся зьвесткі аб тым, што ПВК «Вагнэр» вэрбуе і адпраўляе на вайну расейскіх зьняволеных. Вэрбаваньнем займаецца асабіста ўладальнік кампаніі Яўгеній Прыгожын, які наведаў звыш дзесяці калёній у розных абласьцях краіны. Пры гэтым блізкі да Пуціна бізнэсовец толькі ў канцы верасьня прызнаў, што зьяўляецца стваральнікам ПВК «Вагнэр».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.