Расея з сакавіка спрабуе захапіць Бахмут на Данеччыне, але прасунулася толькі на некалькі кілямэтраў. Ідзе акопная вайна

Баі пад Бахмутам, лістапад 2022

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што расейская армія працягвае канцэнтраваць асноўныя намаганьні на вядзеньні наступальных дзеяньняў каля Бахмуту Данецкай вобласьці.

Сьпікер Генштабу Ўкраіны Аляксандар Штупун паведаміў, што расейскія войскі не спыняюць абстрэлаў навакольных населеных пунктаў Бахмуту з усіх відаў узбраеньня — танкаў, мінамётаў, ствольнай і рэактыўнай артылерыі. Пра страты Ўкраіны на гэтым кірунку не паведамляюць.

Напярэдадні Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб захопе яшчэ двух населеных пунктаў з бакоў ад Бухмуту — вёскі Белагораўкі і пасёлка Першага траўня. Але ўкраінскі бок гэтага не пацьвердзіў.

Чаму важны Бахмут

Бахмут зьяўляецца стратэгічным горадам, ад якога ідзе дарога на Часаў Яр, які быў і ёсьць палігонам Узброеных сіл Украіны. Апроч таго, у выпадку захопу Бахмуту расейцы атрымаюць дадатковыя магчымасьці прасоўвацца на Славянск і Канстанцінаўку. Расея пачала наступ у гэтым кірунку ў сакавіку, а ў траўні ўзмацніла свае дзеяньні, каб захапіць горад.

Паранены пад Бахмутам украінскі вайсковец. Лістапад 2022

Інстытут вывучэньня вайны: Расея мае вялікія страты пад Бахмутам


Ні Расея, ні Ўкраіна не ўдакладняюць маштабаў сваіх стратаў пад Бахмутам.
У той жа час экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) адзначылі, што Расея з траўня бесьперапынна выкарыстоўвала вялікія баявыя сілы, каб захапіць невялікія населеныя пункты каля Бахмуту.

Баі пад Бахмутам, кастрычнік 2022

«Расейскія намаганьні вакол Бахмуту паказваюць, што расейскія войскі не змаглі вывучыць прынцыповыя вынікі папярэдніх кампаній зь вялікімі стратамі, сканцэнтраваных на мэтах абмежаванага апэратыўнага або стратэгічнага значэньня», — адзначылі экспэрты ISW.

Зруйнаваны будынак у Бахмуце

Паводле іх, з траўня Расея змагла прасунуцца на гэтым кірунку толькі на некалькі кілямэтраў. «Намаганьні Расеі наступаць на Бахмут прывялі да сталага зьнясіленьня расейскай жывой сілы і тэхнікі. [...] Выдаткі, зьвязаныя з шасьцю месяцамі жорсткіх і зьнясільваючых баёў вакол Бахмуту, значна большыя за любыя апэратыўныя перавагі, якія расейцы могуць атрымаць ад узяцьця Бахмуту. Расейскія наступальныя апэрацыі вакол Бахмуту, з другога боку, паглынаюць значную частку наяўнай баявой моцы Расеі, патэнцыйна спрыяючы працягу ўкраінскіх контранаступаў у іншых месцах», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.

У акопе на Данбасе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея наступае ў Данецкай вобласьці, ля Бахмуту ідуць найбольш складаныя баі