Лукашэнка абвінаваціў апазыцыю ў закліках да «нанясеньня ўдараў па аб’ектах» на тэрыторыі Беларусі
Аляксандар Лукашэнка зь сілавікамі на палігоне. Лістапад 2022
Прыкладаў такіх заклікаў Аляксандар Лукашэнка не прывёў.
Аляксандар Лукашэнка 1 сьнежня сабраў нараду зь сілавікамі ў пытаньнях абароны Беларусі. Лукашэнку цытуе ягоная прэс-служба.
«Пакуль нам удаецца стрымліваць імавернага суперніка ад прымяненьня вайсковай сілы супраць Беларусі. Але, тым ня менш, мы павінны пастаянна адсочваць, бачыць і не прапусьціць — ні ў якім разе не прапусьціць — прыкметы, якія пакажуць на непасрэдную падрыхтоўку да агрэсіі супраць нашай краіны.
Сёньня неабходна зрабіць зрэз таго, што ўжо выканана для абароны дзяржавы, і намеціць, у якім кірунку трэба рухацца ў далейшым, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. — Я заўсёды паўтараў і яшчэ раз хачу сказаць: урокі, урокі, урокі. З таго, што адбываецца па пэрымэтры нашай Беларусі, здабываць урокі — найважнейшая наша задача».
Паводле Лукашэнкі, усе сілавыя ведамствы адзначаюць рост колькасьці правакацый паблізу ад дзяржаўнай мяжы:
«Украіна пад любой нагодай спрабуе ўцягнуць войскі дзяржаў – чальцоў NATO ў канфлікт. Усё гэта пацьвярджаецца нядаўнімі падзеньнямі ракет на тэрыторыю Польшчы».
Лукашэнка абвінаваціў апазыцыю ў закліках да «нанясеньня ўдараў па аб’ектах» на тэрыторыі Беларусі.
«З боку беглай апазыцыі, бандытаў нашых, усё часьцей гучаць заклікі да захопу ўлады сілавым шляхам і ўчыненьня тэрарыстычных актаў. Забылі нават, што на тэрыторыі Беларусі пражываюць іхныя сваякі», — заявіў Лукашэнка.
Прыкладаў такіх заклікаў ён не прывёў.
Беларусь у лютым 2022-га дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Абстрэлы з тэрыторыі Беларусі парцягваюцца і пасьля вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі поўначы Ўкраіны.