Сьмерць Макея як тэст

Труна зь целам Уладзімера Макея

 Сьмерць міністра замежных справаў Уладзімера Макея выклікала гарачыя спрэчкі аб тым, як варта ацэньваць жыцьцёвы шлях нябожчыка, яго ролю ў найноўшай гісторыі Беларусі. Насамрэч гэта спрэчка не пра Макея і нават не пра мінулае. А пра будучыню.

Пра гэта ў сваёй калёнцы на партале «Зеркало» разважае Юры Дракахруст.

Адметна, што дыскусія — не пра факты, а пра інтэрпрэтацыі.

І многія з тых, хто ацэньвае памерлага міністра неадназначна, не забываюць пра тое зло, якое ён тварыў і ў 2010-м, і ў 2020-м, і пазьней, не адмаўляюць таго, што ён быў верным слугой аўтарытарнага рэжыму.

Але і многія з тых, для каго ён толькі слуга, толькі частка машыны прыгнёту, не адмаўляюць, што ў пэрыяд 2015–2019 гадоў парадкі ў Беларусі былі не такімі, як цяпер, і адносіны з Захадам былі іншымі. І што Макей быў прынамсі датычны да таго пэрыяду «адлігі» і ў пэўным сэнсе яго сымбалізаваў. І папраўдзе спрэчка — пра тое, як ацэньваць «адлігу». І ў рэтраспэктыве, і ў пэрспэктыве, у будучыні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якую спадчыну пакінуў Макей? Абмеркаваньне аналітыкаў

Тое, што «адліга» — не «вясна», не інстытуцыйная зьмена грамадзтва, ясна ўсім. Але для тых, для каго Макей — гэта толькі зло, для іх і «адліга» — гэта таксама толькі зло, у нейкім сэнсе нават больш мярзотнае, падступнае і хлусьлівае, чым цяперашняе, непрыкрытае і па-свойму шчырае.

Згодна з гэтым бачаньнем, тыя паслабленьні былі нічым іншым, як прыпудрываньнем, навядзеньнем макіяжу на зьверскую пысу рэжыму, і па сутнасьці яго ўмацаваньнем, стварэньнем яму дадатковых апораў як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. У рамках гэтай ацэнкі Макей (дакладней, Лукашэнка) тады проста дурыў прастадушных заходніх палітыкаў і дыпляматаў, іх рукамі цэмэнтуючы сваю нязьменную сыстэму. Словам, чым горш — тым лепш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыянт пры кухары. За што хваляць Макея?

Жыцьцё ў Беларусі тады, аднак, было не ў прыклад вальней, чым зараз. І менавіта тады, у атмасфэры вельмі адноснай і непасьлядоўнай, але ўсё ж лібэралізацыі адбываліся і сапраўды народныя, масавыя выступленьні — «антыдармаедзкія» пратэсты 2017 года і паўстаньне 2020 года. Гэтак жа, як і Плошча-2010 адбывалася на піку папярэдняй «адлігі».

Уяўляецца дастаткова відавочнай сувязь тых падзеяў і атмасфэры, у якой яны адбываліся. У разгар «замаразкаў» ніякіх выбухаў не адбываецца, пачуцьцё самазахаваньня блякуе любую публічную праяву незадаволенасьці. Незадаволеныя альбо дэманструюць ляяльнасьць, хай і ўяўную, альбо сыходзяць ва ўнутраную ці вонкавую эміграцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за «ачалавечваньнем» Макея

Зрэшты, умела пашытую ідэалёгію не могуць абвергнуць ніякія факты, яна іх пераінтэрпрэтуе і ператварае ў сваё пацьверджаньне. Аднак спрэчка аб тым, добрыя ці дрэнныя «адлігі» — не зусім тэарэтычная. Яна мае і практычнае вымярэньне, яна пра тое, які мэханізм можа спыніць цяперашні каток тэрору ў Беларусі, які толькі набірае абароты.

Уявім сабе размову двух чыноўнікаў: жывога-здаровага ўмоўнага «Макея-2» і яго больш кансэрватыўнага калегі — у пагонах ці без пагонаў. (Ці,можа, гэта — галасы ў галаве Лукашэнкі). «Макей-2» кажа, што лейцы трэба б неяк аслабіць. Прыводзячы, зразумела, аргумэнты, што гэта будзе спрыяць умацаваньню рэжыму, пашырэньню яго базы ў краіне і за мяжой. Іншыя аргумэнты там не працуюць, іх не прыводзіў у размовах са сваімі і сам Уладзімер Макей, ня будзе прыводзіць і яго рэінкарнацыя.

А яго суразмоўца — не абавязкова садыст і дурань — адкажа: «Ты бачыў, як „змагары“ рэагавалі на сьмерць Макея? Ім палец дай — яны руку па плячо адкусяць, а потым і галаву. Яны ўспрымуць тое, што ты прапануеш, не як крок ім насустрач, а як нашу слабасьць. І зробяць выснову: трэба валіць рэжым далей. І табе дзякуй не скажуць. А ў выпадку, калі ім пашанцуе — мяне павесяць першым, а цябе — другім. І плюнуць на тваю магілу, як зараз плююць на магілу Макея. Табе гэта трэба?»

Ну, вось неяк так працуе палітыка-псыхалягічны мэханізм, які блякуе любыя зьмены цяперашняй палітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ненавідзяць адзін аднаго». Дракахруст пра бездань беларускага расколу

Ясна, што ён засноўваецца на цяперашнім стане розумаў у Беларусі. Я пісаў на «Зеркале» , на падставе дадзеных апытаньняў Chatham House, аб бездані беларускага расколу, аб тым, што зацятыя праціўнікі і прыхільнікі ўлады ненавідзяць адзін аднаго. Рэакцыя публікі на сьмерць Макея — яшчэ адзін вельмі пераканаўчы доказ гэтага расколу.

І ўсё атрымліваецца як бы заканамерна, кожны наступны крок вызначаецца папярэднімі, і не разарваць гэтае зачараванае кола. А ў цэлым атрымліваецца, як у антычнай трагедыі, дзе хаду падзеяў вызначаюць не людзі, а няўмольны кон.

Дарэчы, надзеі тых, для каго «адлігі» больш агідныя, чым «замаразкі» — таксама ў стылі антычнай трагедыі. Гэтыя надзеі — на deus ex machina (бог з машыны). Быў тады такі драматургічны прыём, калі на сцэну, дзе ўсё заблыталася, спускаецца зьверху бог на вяровачцы і наводзіць парадак.

  • А можа, эканоміка лясьнецца да нуля і тады ўжо народ абавязкова паўстане і зьнясе гэты зьверскі рэжым.
  • А можа, Расея прайграе вайну ў пух і прах і полк Каліноўскага пройдзе да Менску, як нож скрозь масла, і вызваліць радзіму.
  • А можа, Лукашэнка пашле войска на вайну, а яно паверне штыхі і скіне яго.

Дарэчы, усё гэта можа і адбыцца — і паасобку, і разам. Цуды ў жыцьці здараюцца, «чорныя лебедзі» часам, і не так ужо рэдка, прылятаюць. Але варта адзначыць, што па прыродзе гэтыя сцэнары — менавіта антычны deus ex machina, яны ніяк не заснаваныя на тэндэнцыях, на працэсах, якія адбываюцца на «сцэне», у Беларусі.

Ну, а ў выніку ў рэальнасьці палітвязьні працягваюць сядзець, іх колькасьць — расьці, рэжым прыдумляе ўсё новыя і новыя спосабы «замарозкі» Беларусі. З «чым горш» — усё ў парадку; з «тым лепш» — неяк не. Можа — толькі пакуль.

...Гэтая спрэчка, у якой Уладзімер Макей удзельнічаў і словам, і справай, для яго скончылася. Але яна працягваецца для жывых.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.