Хроніка перасьледу 30 лістапада: арышты на заводзе ў Мёрах; зноў затрымалі сацыёляга Аксану Шэлест

Мэталапракатны завод у Мёрах

У Беларусі працягваюць перасьледаваць грамадзян за іх погляды.

Масавыя затрыманьні ў Мёрах

У Мёрах адбыўся «хапун» на заводзе — затрымалі мінімум 5 чалавек, піша «Вясна». Праваабаронцам стала вядома таксама, што затрыманьні праводзяць сілавікі зь Віцебску.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымліваюць тых, хто быў актыўным пасьля выбараў.

Падрабязнасьці і прозьвішчы затрыманых удакладняюць. Аднаго зь іх завуць Сяргей Ерафееў. Сілавікі адправіліся да затрыманых дамоў праводзіць ператрусы.

Мёрскі мэталапракатны завод Miory Steel збудаваны ў 2015 годзе пры дапамозе замежных інвэстараў і нават быў спонсарам папулярных аўтагонак «Формула-1».

Аднак на пачатку лета 2021 году ў прадпрыемства пачаліся праблемы. На заводзе чакалі прыезду Лукашэнкі, аднак замест яго на завод прыйшлі сілавікі. Яны затрымалі старшыню рады дырэктараў і аднаго з інвэстараў Аляксея Кавалёнка, а таксама некалькіх кіраўнікоў заводу: генэральнага дырэктара Пятра Шымуковіча і намесьніка генэральнага дырэктара ў эканоміцы і фінансах Дзьмітрыя Слаўнікава. Пасьля гэтага завод стаў паказваць вялізныя страты і амаль дайшоў да банкруцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 3 гады страты заводу вырасьлі ў 27 разоў. Што з прадпрыемствамі, якімі апекаваўся Лукашэнка

Рэйд на інкасатараў у Гомлі

Праваабаронцам стала вядома, што сілавікі 24 лістапада прыходзілі ў нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю «Інкас.Эксперт».

«Зьнялі з маршрутаў 5 ці 6 чалавек. І павялі з сабой. Некаторых хлопцаў проста апытвалі. А некаторых адпусьцілі, хто пры сілавіках адпісаўся ад „экстрэмісцкіх“ каналаў», — апавядаюць крыніцы.

Вядома, што на 10 дзён арыштавалі Мікалая Ашарчука, Аляксандра Губарэвіча і Максіма Баравікова.

Зноў затрымалі сацыёляга Аксану Шэлест

Гэта адбылося ўвечары 29 лістапада. Разам зь ёю затрымалі Кірыла Мальцава. Дзе яны і за што іх забралі, пакуль невядома, паведамляе канал, які асьвятляе дзейнасьць філёзафа Ўладзімера Мацкевіча.

Аксану Шэлест ужо затрымлівалі разам з Уладзімерам Мацкевічам у жніўні 2021 году, але потым адпусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сеціве зьявілася аўдыёкніга палітзьняволенага філёзафа Мацкевіча

Палітзьняволенага лекара асудзілі за камэнтары другі раз

У судзе Пухавіцкага раёну вынесьлі другі прысуд палітзьняволенаму лекару-нэўролягу Аляксандру Цялегу. У пачатку году яго ўжо асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі за 32 камэнтары пра судзьдзяў, чыноўнікаў, сілавікоў. Палітвязьня ўжо накіравалі адбываць тэрмін у бабруйскую калёнію № 2, але супраць яго зноў пачалі крымінальную справу за камэнтары — пра вайскоўца, які застрэліў у жніўні 2020 году берасьцейца Генадзя Шутава.

Цяпер лекара судзілі ў Мар’інай Горцы — менавіта там месьціцца вайсковая частка, у якой служыў гэты вайсковец. Ён, як і ў справе супраць палітвязьня Аляксандра Кардзюкова і загінулага Генадзя Шутава, у гэтым працэсе лічыўся пацярпелым.

Справу разглядала судзьдзя Вольга Бабук. Вядома, што пракурор запрошваў для Цялегі паводле новых эпізодаў яшчэ 6 месяцаў пазбаўленьня волі. У выніку судзьдзя прызначыла яму столькі ж — на агульны тэрмін гэта не паўплывала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён біў мяне, калі я ляжаў на падлозе». Беларускі лекар з Нарыльску расказаў пра сваё затрыманьне ў Барысаве

1,5 года калёніі жыхару Жабінкі за абразу Лукашэнкі і Эйсмант

Суд Бярозаўскага раёну вынес прысуд жыхару Жабінкі Аляксею Міхнюку, абвінаваціўшы яго ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Кавалевіч.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Аляксей у «экстрэмісцкіх» чатах у Telegram ня раз разьмяшчаў паведамленьні, «якія супярэчаць агульначалавечай маралі і пры гэтым зьмяшчаюць выказваньні, выяўленыя ў непрыстойнай форме, якія зьневажаюць гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі». Таксама абвінавачаны разьмяшчаў абразы прэс-сакратара кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Эйсмант.

У ходзе судовага працэсу Міхнюк сваю віну ў зьдзейсьненым прызнаў і раскаяўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 лістапада: палітвязьня зь Берасьця адправілі ў калёнію за «сторыс» пра Лукашэнку

Маці 13 дзяцей з Пружанаў, якая адбывае «хатнюю хімію», атрымала 10 дзён арышту

На сваёй інстаграм-старонцы Вікторыя Онахава-Жураўлёва ў «сторыз» паведаміла:

«Калі вы глядзіце гэтае відэа, значыцца, я зьехала на „суткі“ ў пружанскае ІЧУ. Бо прапусьціла адзначэньне ў панядзелак [28 лістапада], а гэта другое парушэньне адбываньня рэжыму».

Тэкставы надпіс у тым жа «сторыз» удакладняе, што жанчына «вернецца праз 10 сутак», паведамляе viasna_brest.

Вікторыю асудзілі за камэнтар пра Лукашэнку. Суд прызначыў ёй 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»). Жанчына гадуе 13 дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На маці загінулага байца-каліноўца Натальлю Суславу ў Беларусі завялі крымінальную справу

Супраць прадстаўніка ByPol Алега Талерчыка распачалі крымінальныя справы

Генэральная пракуратура завяла дзьве крымінальныя справы на прадстаўніка ініцыятывы ByPol Алега Талерчыка за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «распальваньне сацыяльнай варожасьці».

Падставай стала тое, што Талерчык даў інтэрвію тэлеканалу «Белсат», які ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем. У гэтым інтэрвію, паводле пракуратуры, ён «выказваўся аб прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці супрацоўнікаў беларускіх праваахоўных органаў, якія засталіся працаваць пасьля выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе, правядзеньні сярод іх „люстрацыі“, а таксама яго вяртаньні з-за мяжы са зброяй у руках».