Генэральны сакратар NATO на саміце альянсу ў Бухарэсьце: «Мы ня можам дазволіць Пуціну перамагчы»

Намесьнік кіраўніка NATO Мірча Джаанэ, генэральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнбэрг і прэзыдэнт Румыніі Кляўс Яганіс. 29 лістапада 2022, Бухарэст

Міністры замежных спраў краін NATO сабраліся ў Румыніі на двухдзённы саміт, каб абмеркаваць далейшыя формы і аб’ёмы дапамогі Ўкраіне ў адбіцьці расейскай агрэсіі.

Адкрываючы сустрэчу, генэральны сакратар Паўночна-Атлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг запэўніў, што NATO будзе гатова абараняць ад уварваньня кожную цалю сваёй тэрыторыі. Ён падкрэсьліў, што альянс ня ўдзельнічае ў гэтым канфлікце, аднак яго члены аказваюць Украіне беспрэцэдэнтную падтрымку, каб яна магла абараніцца ад Расеі, піша BBC.

«Мы ня можам дазволіць Пуціну перамагчы, інакш гэта дасьць зялёнае сьвятло іншым аўтарытарным лідэрам, пакажа ім, што яны могуць дасягнуць сваіх мэтаў з дапамогай ваеннай сілы. Гэта зробіць наш сьвет яшчэ больш небясьпечным для ўсіх нас. Таму ў нашых агульных інтарэсах бясьпекі падтрымліваць Украіну», — заявіў Столтэнбэрг.

Ён абвінаваціў Расею ў нарошчваньні жорсткасьці ў гэтай вайне і згадаў пра фінансавы цяжар, які яна наклала на Эўропу і іншыя краіны сьвету.

«Папраўдзе, мы ўсе плацім цану за расейскую вайну ва Ўкраіне, але мы плацім гэтую цану грашамі, у той час як Украіна плаціць яе крывёй», — сказаў генэральны сакратар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ненаўмысны напад на Польшчу». Чорны лебедзь, якога ня хочуць заўважаць

Дапамога зброяй

Для перамогі ў вайне краінам NATO неабходна тэрмінова павялічыць аб’ёмы вытворчасьцві ўзбраеньняў, заявіў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба. У інтэрвію выданьню Politico ён заявіў, што немагчыма перамагчы на полі бою ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, не інвэстуючы ў вытворчасьць зброі: «Пакуль мы змагаемся ў бітвах сёньняшняга дня, мы павінны думаць, як мы будзем змагацца ў заўтрашніх бітвах».

Па словах Кулебы, ня трэба марнаваць месяцы на перамовы з краінамі, якія не жадаюць з палітычных прычынаў дзяліцца з Украінай узбраеньнем, якое дапамагло б ёй у вайне. Ён таксама ўдакладніў, што больш за ўсё Ўкраіна мае патрэбу ў сыстэмах СПА, танках і вытворчых лініях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

New York Times: 20 з 30 краін NATO амаль вычарпалі запасы ваеннай дапамогі Ўкраіне

У ходзе саміту, як чакаецца, яго ўдзельнікі абмяркуюць павелічэньне вайсковай дапамогі, уключаючы сыстэмы супрацьпаветранай абароны, боепрыпасы, паліва, мэдыкамэнты і зімовы рыштунак. Таксама Ўкраіна просіць даць ёй наступальнае ўзбраеньне.

Саміт у Бухарэсьце адметны тым, што менавіта ў румынскай сталіцы 14 гадоў таму, у 2008 годзе, прынялі рашэньне аб магчымым уступленьні Ўкраіны і Грузіі ў альянс. Уладзімір Пуцін назваў гэтае рашэньне прамой пагрозай бясьпецы Расеі, а праз чатыры месяцы Расея ўварвалася на тэрыторыю Грузіі. У 2014-м баявыя дзеяньні, разьвязаныя пры прамым спрыяньні Расеі, пачаліся ва Ўкраіне, што ў 2022 вылілася ў поўнамаштабную вайну, акупацыю часткі ўкраінскіх тэрыторый на ўсходзе, поўначы і поўдні, а таксама катаваньняў і забойстваў цывільнага насельніцтва Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як зіма паўплывае на вайну ва Ўкраіне. Ацэнкі заходніх экспэртаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.