Беларускі Гаюн: Расейскія генэралы прыехалі ў Беларусь кантраляваць падрыхтоўку супольнай групы войскаў

Начальнік галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Расеі Сяргей Рудзкі

У Кіеве сьцьвярджаюць, што на тэрыторыі Беларусі Расея разьмясьціла ўжо 12 тысяч змабілізаваных вайскоўцаў.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведаміла, што ў Беларусь прыехала група расейскіх генэралаў на чале з начальнікам галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Расеі Сяргеем Рудзкім.

Дэлегацыя, імаверна, прыбыла на аэрадром у Мачулішчах 24 лістапада на пасажырскім самалёце вайскова-касьмічных сілаў Расеі Ту-134AK.

«Вайскоўцы праінспэктуюць хаду супольнай падрыхтоўкі так званай рэгіянальнай групоўкі войскаў на палігонах Беларусі», — паведаміла група ў сваім тэлеграм-канале.

У той жа час маніторынгавая група зьвяртае ўвагу, што на афіцыйных каналах Міністэрства абароны Беларусі інфармацыі аб гэтым візыце няма.

«Нешта падобнае было і пад час вучэньняў „Саюзная рашучасьць — 2022“, калі паведамленьні Міістэрства абароны Беларусі не адпавядалі фактычнаму знаходжаньню расейскіх войскаў у Беларусі. Тады вайскоўцы Расеі не лічылі неабходным інфармаваць сваіх беларускіх калег», — адзначаецца ў паведамленьні.

Пасьля тых вучэньняў у лютым 2022 году Расея атакавала Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны штаб Украіны: каля 15 тыс. сілавікоў у Беларусі гатовыя ваяваць супраць Украіны за грошы

У Цэнтры нацыянальнага супраціву Ўкраіны, які зьвязваюць з Галоўным упраўленьнем выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, са спасылкай на беларускае падпольле паведамілі, што на тэрыторыі Беларусі Расея разьмясьціла ўжо 12 тысяч змабілізаваных вайскоўцаў. Частка зь іх знаходзіцца ў раёне паселішча Бабунічы Гомельскай вобласьці, дзе ўжо разгарнулі каля 63 намётаў.

Паводле Цэнтру, Узброеныя сілы Беларусі цалкам забясьпечваюць патрэбы кантынгенту.

«Фактычна расейцы ўзялі пад кантроль супольную групоўку войскаў, што ёсьць яшчэ адной прыкметай страты Беларусьсю сувэрэнітэту», — адзначаецца ў паведамленьні цэнтру.

10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў аб пачатку разгортваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, а таксама аб разьмяшчэньні расейскіх войскаў у Беларусі.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці лічыць украінская ўлада Беларусь акупаванай? Тлумачэньне палітоляга

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.