У Менску ў закрытым працэсе судзяць прафсаюзных лідэраў Арэшку, Берасьнева і Фядыніча

Прафсаюзныя лідэры Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Вацлаў Арэшка

Іх вінавацяць паводле чатырох крымінальных артыкулаў.

Працэс над старшынёй прафсаюзу РЭП Васілём Берасьневым, шматгадовым лідэрам гэтага аб’яднаньня Генадзем Фядынічам і актывістам Вячаславам Арэшкам праходзіць у Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядае судзьдзя Анастасія Папко, паведамляе «Вясна».

На першым паседжаньні пракурор Раман Бізюк прапанаваў правесьці працэс у закрытым фармаце, судзьдзя Анастасія Папко пагадзілася, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Іх вінавацяць па артыкулах:

  • ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні);
  • ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі);
  • ч. 3 арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці);
  • ч.3 арт.361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюзнага лідэра Ханевіча асудзілі на 5 гадоў калёніі, у віну паставілі размову з журналістам «Белсату»


Каго судзяць

  • Вячаслаў Арэшка — беларускі палітоляг і грамадзкі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП, вядомы як Вацлаў Арэшка. Затрыманы 19 красавіка 2022 года пасьля ператрусу ў кватэры. Вячаслава зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, яму выставілі абвінавачаньне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на вуліцу Валадарскага ў Менску.
  • Васіль Берасьнеў — лідэр аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну зьмясьцілі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні. У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.
  • Генадзь Фядыніч — былы кіраўнік незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасьць быў асуджаны да 4 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня («хатняя хімія»). 11 красавіка 2022 г. КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) «экстрэмісцкім фармаваньнем». Генадзя затрымалі 19 красавіка 2022 году і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Пазьней яго перавялі ў СІЗА-1.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюз IndustriALL запатрабаваў ад Міжнароднай арганізацыі працы ўмяшацца ў сытуацыю ў Беларусі, дзе забаранілі ўсе незалежныя прафсаюзы

Улады зьліквідавалі незалежны прафсаюзны рух у Беларусі


Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня — аб Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.

10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненьні дзейнасьці некалькіх незалежных прафэсійных аб’яднаньняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Міжнароднай арганізацыі працы папярэдне ўхваліла выпрацоўку санкцый супраць Беларусі

Рэпрэсіі супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў

13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году. Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.

«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная арганізацыя працы разгледзіць санкцыі да ўладаў Беларусі за ўціск прафсаюзаў