ЭЗ: мір ва Ўкраіне немагчымы, пакуль Расея ня выведзе свае войскі

Жузэп Бурэль

Вярхоўны камісар у замежных справах і палітыцы бясьпекі ЭЗ Жузэп Бурэль канстатаваў, што Масква не дэманструе гатоўнасьці да міру.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў у чацьвер, што мір ва Ўкраіне немагчымы, пакуль Расея не выведзе свае войскі. Аднак, Масква, мяркуе ён, не гатова да такога кроку.

«Я баюся, што Расея не гатовая да вываду войскаў, а пакуль яна не выведзе войскі, мір будзе немагчымы, — цытуе словы Бурэля агенцтва Reuters. — Менавіта Расея павінна зрабіць мір магчымым, агрэсар павінен сысьці, калі ён хоча ўстойлівага міру».

Раней, 16 лістапада, старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Марк Мілі заявіў, што цяпер, імаверна, зручны час для пачатку мірных перамоваў паміж Украінай і Расеяй.

«Для вас пажадана весьці перамовы ў той момант, калі вы моцныя, а ваш супернік слабы», — заявіў Мілі падчас выступу на брыфінгу ў Пэнтагоне.

«Расейскія ўзброеныя сілы сутыкнуліся зь вялізнымі цяжкасьцямі», — дадаў ён і ўказаў на вялікія страты расейскіх танкаў, баявых машын, зьнішчальнікаў і верталётаў.

Калі баявыя дзеяньні замарудзяцца, сказаў Мілі, то гэта можа адкрыць «акно» для перамоваў аб палітычным урэгуляваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зноў атакавала гарады Ўкраіны. У Кіеве заявілі пра 5 дронаў, якія вылецелі з тэрыторыі Беларусі