15 лістапада ў 15.40 у вёсцы Пшэводаў Грубешаўскага павету Люблінскага ваяводзтва ўпаў снарад расейскай вытворчасьці, у выніку чаго загінулі двое грамадзян Польшчы.
«Учора мы атрымалі пацьвярджэньне, што нашы адмыслоўцы будуць удзельнічаць у расьсьледаваньні. Пакуль яно не завершыцца, мы ня можам сказаць дакладна, якія ракеты ці іхныя часткі ўпалі на тэрыторыі Польшчы. Але мы бачылі карцінкі дыямэтру варонкі. Гэта не маглі быць толькі рэшткі супрацьракетных сыстэм», — сказаў Уладзімір Зяленскі 17 лістапада, выступаючы на канфэрэнцыі Bloomberg New Economy Forum.
«Усе маюць зразумець, што амаль 100 ракет было выпушчана ў той дзень. Я ўдзячны сьвету за падтрымку Ўкраіны сыстэмамі СПА. Гэта ня першы выпадак, калі часткі расейскай ракеты падаюць на тэрыторыю іншай краіны», — цытуе Зяленскага Інтэрфакс-Украіна
«Я ня ведаю дакладна, што адбылося на гэты раз. Сьвет таксама ня ведае на 100%. Я ўпэўнены, што гэта была расейская ракета. Мы ўдзячныя, што нас не абвінавачваюць, таму што мы змагаемся з расейскімі ракетамі на нашай тэрыторыі», — дадаў прэзыдэнт Украіны.
Раней падобны выпадак адбыўся ў Малдове. МУС Малдовы паведаміла, што раніцай 31 кастрычніка на тэрыторыю паселішча Наслаўча Окніцкага раёну на паўночнай мяжы з Украінай упала расейская ракета, зьбітая ўкраінскай сыстэмай СПА. Ахвяраў не было, але ў некалькіх дамах вылецелі шыбы.
Мэрыя Наслаўчы склікала паседжаньне тэрытарыяльнай камісіі па надзвычайных сытуацыях, каб «ацаніць становішча і высьветліць усе акалічнасьці». Сакратар Окніцкай раённай рады Аляксей Галушка пацьвердзіў, што пацярпелі некалькі будынкаў у Наслаўчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Дуда пра падзеньне ракеты: «Няма ніякіх прыкметаў таго, што гэта быў наўмысны напад на Польшчу»- 15 лістапада на тэрыторыі Польшчы ў мясцовасьці Пшэводаў, непадалёк ад мяжы з Украінай, адбыўся выбух. Улады пацьвердзілі падзеньне ракеты і паведамілі, што загінулі два чалавекі.
- Польшча выклікала амбасадара Расеі ў Варшаве для тлумачэньняў, пасьля таго як Масква зьняпраўдзіла паведамленьні пра сваю датычнасьць да выбуху ў Пшэводаве.
Прэзыдэнт Польшчы 16 лістапада пракамэнтаваў інцыдэнт з ракетай, якая ўпала каля польска-ўкраінскай мяжы і забіла дваіх чалавек: «Мяркуючы па ўсім, яна была выпушчаная ўкраінскай СПА і, на жаль, няўдала ўпала на нашу тэрыторыю».
«Як нам удалося выявіць на гэты момант, нічога не паказвае на тое, што гэта было наўмыснае дзеяньне, якое можна было кваліфікаваць як атаку на Польшчу. Найбольш верагодна, што гэта быў няшчасны выпадак», — заявіў Анджэй Дуда.
Рэакцыя ў Кіеве
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што ўкраінскі бок настойвае на супольным вывучэньні інцыдэнту з падзеньнем ракеты ў Польшчы.
«Гатовы перадаць наяўныя ў нас доказы расейскага сьледу. Чакаем ад партнэраў інфармацыі, на падставе якой прыйшлі да высновы, што мова аб ракеце ўкраінскай СПА. Украіна просіць неадкладна даць доступ да месца выбуху прадстаўнікам Міністэрства абароны і Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны», — паведаміў Аляксей Данілаў на сваёй старонцы ў Twitter.
Рэакцыя NATO і краін Захаду
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падчас брыфінгу заявіў, што Ўкраіна не вінаватая ў падзеньні ракеты ў Польшчы. Паводле яго слоў, ракета над Польшчай, верагодна, была выпушчана Ўкраінай выпадкова.
Генэральны сакратар NATO дадаў, што няма ніякіх прыкмет таго, што ракетны ўдар па Польшчы быў наўмысны, і няма прыкмет таго, што РФ плянавала напад на NATO.
Што кажуць у Расеі
У Міністэрстве абароны Расеі таксама пераконваюць, што ракета, якая выбухнула ў Польшчы, «адназначна ідэнтыфікаваная расейскімі спэцыялістамі абаронна-прамысловага комплексу як элемэнты зэнітнай кіраванай ракеты С-300 Паветраных сіл Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ненаўмысны напад на Польшчу». Чорны лебедзь, якога ня хочуць заўважацьГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Крыніца ў NATO: Байдэн заявіў, што за выбух у Польшчы адказная ракета супрацьпаветранай абароны ЎкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.