Накрытыя коўдрамі целы ляжаць побач са сьвежымі магіламі: гэтая фатаграфія зроблена ў пасёлку Архангельскае Херсонскай вобласьці. Як паведамляюць у пракуратуры Херсонскай вобласьці, на здымку сямейная пара, мясцовыя фэрмэры. Чарапы ў абаіх праламаныя:
Паводле расказаў відавочцаў і заключэньня судмэдэкспэртаў, салдаты арміі РФ забілі іх ва ўласным склепе.
Яшчэ адно падобнае фота — зь Берыслаўскага раёну. На ім у траіх загінулых мясцовых жыхароў такія самыя траўмы. З кожным днём падобных знаходак у Херсонскай вобласьці становіцца больш.
«На сёньняшні дзень ужо расьсьледуюцца 16 „базавых“ крымінальных вядзеньняў, у рамках якіх міжведамаснымі сьледчымі групамі праводзяцца сьледчыя дзеяньні на вызваленых тэрыторыях Берыслаўскага і Херсонскага раёнаў, а таксама Херсону, — кажа генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін. — Таксама ў вобласьці працуе 10 мабільных груп па адпрацоўцы. Чакаецца, што на гэтым тыдні іх колькасьць павялічыцца да 30».
Украінская паліцыя, якая размаўляе з жыхарамі вызваленых тэрыторый, дзясяткамі фіксуе факты марадэрства, мінаваньня тэрыторый, наўмысныя забойствы і выкраданьні людзей.
«Вывозілі гасьцініцы, вывозілі крамы. Усё, што яны бачылі, яны ўсё вывозілі, — расказвае пра акупантаў жыхарка Херсону Антаніна Высачэнка. — Усе рэстараны, якія яны акупавалі, яны ўсё вывезьлі. Усю тэхніку».
«Ніколі ня ведаеш, што ў іх у галаве. Бывалі розныя. Бывалі і вельмі моцна агрэсіўныя, — кажа херсонец Юрый Невальчук. — Людзі нават баяліся выходзіць на вуліцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Новая ракетная атака на Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны. Зноў пацярпелі жылыя дамы і энэргетычныя аб'ектыХерсонскія тэлеграм-каналы публікуюць кадры з гарадзкога СІЗА, якое, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, падчас акупацыі служыла за камэру катаваньняў. Херсонская журналістка Анжэла Слабадзян правяла там 31 дзень і расказала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, хто за што туды трапляў.
«Фаіна, ёй было 66 гадоў. З камэры яе вывелі з інсультам. Я памянула нашу Фаю, калі мяне выпусьцілі. Яна месяц правяла ў няволі за сына-валянтэра. Аддала сваё жыцьцё», — расказала журналістка.
«Нас яны ня білі: для жанчын у іх былі іншыя „іньекцыі“. Яны нас спрабавалі прынізіць, раздушыць. Бязьлітасна, — успамінае яна. — Але мы сваімі вушамі чулі, як забіваюць. Як абмотваюць плёнкай труп палоннага, зь якім перастараліся кадыраўцы за час допыту. Як гвалцяць за дзьвярыма нашай камэры мужчын. Мы ведалі, дзе катуюць нашых хлопцаў токам. Дзе забіваюць да сьмерці і дзе прымушаюць гаварыць».
Сярод пацярпелых ад рук акупацыйных войскаў у Херсонскай вобласьці і забітых імі ёсьць і дзеці. Паводле зьвестак офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, у Херсонскай вобласьці за час акупацыі загінулі і пацярпелі 60 дзяцей, у тым ліку трохмесячны хлопчык (зьвесткі на 13 лістапада). Але гэтая лічба не канчатковая і ня ўлічвае псыхалягічныя траўмы, якія атрымалі дзеці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі на саміце G20: «„Менску-3“ з Расеяй ня будзе»«Увечары расейцы ўлупілі з „Града“ ў дом. 12-гадовае дзіця адкопвала маці самастойна і яе адкапала. Але мама ўжо была нежывая», — расказвае жыхарка Херсону Лада Каласоўская.
Па словах Уладзіміра Зяленскага, у Херсонскай вобласьці сьледчыя ўжо задакумэнтавалі больш за 400 ваенных злачынстваў. Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што армія Расеі пакінула пасьля сябе ў рэгіёне такія ж зьверствы, як і ў іншых рэгіёнах: Бучы, Барадзянцы, Харкаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласьцях.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.