У Херсонскай вобласьці знайшлі тры катоўні і задакумэнтавалі больш як 400 злачынстваў расейскіх вайскоўцаў

Уезд у Херсонскую вобласьць, 13 лістапада 2022 году

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка паведаміў, што на вызваленай ад расейскіх войскаў частцы Херсонскай вобласьці ўжо знайшлі тры катоўні, у якіх трымалі ўкраінцаў і зьдзекаваліся зь іх.

«Цяпер праводзіцца разьмінаваньне, пасьля гэтага пачнуцца сьледчыя дзеяньні ў тых месцах, у якіх мы маем ня толькі доказы — маем сьведчаньні мясцовых грамадзян, што там, магчыма, катавалі і трымалі нашых людзей», — сказаў Ігар Кліменка 15 лістапада ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Паводле яго, паліцыя ўжо задакумэнтавала 414 ваенных злачынстваў, якія ўчынілі расейцы ў часе акупацыі Херсонскай вобласьці.

Ігар Кліменка таксама паведаміў, што, пакідаючы Херсон, расейскія вайскоўцы выпусьцілі з гарадзкога сьледчага ізалятару ўсіх затрыманых да акупацыі паводле падазрэньня ў злачынствах. Паліцыянты змаглі выявіць 166 такіх асобаў і вярнуць іх у ізалятары Мікалаеўскай і Адэскай вобласьцяў, іншых шукаюць ува ўсіх рэгіёнах Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вызвалены Херсон. Радасьць людзей, пахаваньні і абгарэлая тэхніка. Якім пакінулі горад расейцы. ФОТА

Украінскія войскі ўвайшлі ў Херсон 11 лістапада. Гэты абласны цэнтар быў пад расейскай акупацыяй амаль ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Херсон быў адзіным абласным цэнтрам Украіны, як здолелі захапіць расейцы з 24 лютага 2022 году.