Прэзыдэнт Зяленскі ўзнагародзіў беларуса, які браў удзел у вызваленьні Херсоншчыны

Прэзыдэнт Зяленскі ўзнагародзіў беларускага байца, які браў удзел у вызваленьні Херсоншчыны. Херсон, 14 лістапада 2022

Падчас паездкі ў Херсон Уладзімір Зяленскі ўзнагароджваў вайскоўцаў, якія бралі ўдзел у баях на поўдні Ўкраіны. Сярод тых, хто атрымаў ордэн з рук прэзыдэнта Ўкраіны, быў і беларускі добраахвотнік з батальёну «Тэрор». Пра гэта напісалі ў тэлеграм-канале батальёну:

«За асаблівыя заслугі ў абароне сувэрэнітэту Ўкраіны і ў яе збавеньні ад бальшавіцкага паскудзьдзя наш пабрацім — Цёмнавяльможны пан узнагароджаны ордэнам Багдана Хмяльніцкага III ступені.

Гэтая высокая ўзнагарода зойме сваё месца сярод яго шматлікіх мэдалёў».

Вядома, што ў наступе на Херсоншчыну разам з украінцамі ўдзельнічалі і беларусы. Сярод іх быў і баец, якога ў 14 лістапада ўзнагародзіў Уладзімір Зяленскі. Яго імя і пазыўны ў «Тэроры» не выдаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Калі людзі даведваліся, што мы беларусы, то любоў іх проста перапаўняла». Беларус «Альгерд» расказаў пра свой удзел у вызваленьні Херсону

Батальён «Тэрор» уваходзіць у склад УСУ. Колькасьць байцоў у батальёне не выдаюць. Полк Каліноўскага 19 жніўня паведаміў, што рашэньнем камандаваньня вайсковай часткі Ўзброеных сіл Украіны камандзір батальёну «Тэрор» быў звольнены з УСУ, а значыць, і з палку. Байцы «Тэрора» не пагадзіліся з гэтым рашэньнем і выйшлі з палку, захаваўшы найменьне свайго батальёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне ў баі загінуў салдат полку імя Кастуся Каліноўскага, яшчэ некалькі параненыя