Украіна вярнула кантроль над Херсонам, адзіным абласным цэнтрам, які расейцам удалося захапіць з 24 лютага. ФОТА, ВІДЭА

Украінскія і эўрапейскія сьцягі ў цэнтры Херсона. 11 лістапада 2022

Жыхары Херсона чакаюць украінскіх вайскоўцаў у цэнтры гораду. У горадзе няма сьвятла, сувязі і хлеба.

Вайсковая выведка пацьвердзіла вяртаньне Херсона пад кантроль Украіны

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны фактычна пацьвердзіла вяртаньне Херсона пад кантроль украінскай улады.

Вайсковая выведка зьвярнулася да расейскіх вайскоўцаў, якія пераапрануліся ў цывільнае, бо не пасьпелі пакінуць Херсон.

«Херсон вяртаецца пад кантроль Украіны, у горад заходзяць Узброеныя сілы Ўкраіны. Шляхі адступленьня расейскіх акупантаў пад агнявым кантролем украінскага войска. Любыя спробы супрацьдзейнічаць Узброеным сілам Украіны будуць спыненыя. Кожны расейскі вайсковец, які будзе супраціўляцца, будзе зьнішчаны. У вас ёсьць адзіны шанц пазьбегнуць гібелі — тэрмінова здацца ў палон», — заклікала ўкраінская выведка.

Адначасова ўкраінскія выведнікі зьвярнуліся да тых грамадзян Украіны, якіх прымусова падчас расейскай акупацыі мабілізавалі ў расейскую армію. Іх заклікалі тэрмінова паведаміць пра гэта ўладам і таксама здацца ў палон.

Дэпутат: Пакуль праходзіць зачыстка, грамадзянам лепш быць па дамах

Дэпутат Херсонскай абласной рады Сяргей Хлань паведаміў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны ўвайшлі ў Херсон і праводзяць зачыстку.

«Пакуль праходзіць зачыстка, грамадзянам лепш быць па дамах. Сытуацыя ў горадзе з хлебам і палівам цяжкая, электраэнэргіі хутка тыдзень як няма, адпаведна, і хлеба таксама, таму што для працы хлебазаводу неабходная электрыка. Сувязі няма. Гуманітарная сытуацыя сапраўды складаная», — сказаў Сяргей Хлань на брыфінгу 11 лістапада.

Паводле яго, расейскія акупацыйныя ўлады штучна давялі гуманітарную сытуацыю ў Херсоне да крытычнага ўзроўню.

«Але галоўнае, што Херсон цяпер знаходзіцца амаль пад кантролем Узброеных сіл. Засталася зачыстка. На гэты пэрыяд варта быць вельмі пільнымі і акуратнымі», — дадаў дэпутат Херсонскай абласной рады.

Сяргей Хлань мяркуе, што цягам тыдня горад цалкам пяройдзе пад кантроль Украіны.

«Мы разумеем, што частка расейцаў пераапраналіся ў цывільнае і не пасьпелі пераправіцца. Яны разгрупаваліся па горадзе, колькасьць такіх людзей пакуль невядомая. Афіцыйна можна будзе сказаць толькі пасьля таго, як гэта абвесьціць камандаваньне Ўзброеных сіл Украіны, а яны гэта зробяць толькі пасьля зачысткі гораду», — падкрэсьліў дэпутат.

У той жа час ва ўкраінскіх тэлеграм-каналах пачалі зьяўляцца фатаздымкі і відэазапісы, як херсонцы зьбіраюцца ў цэнтры Херсона, каб сустрэць украінскіх вайскоўцаў. Яны нясуць з сабой украінскія сьцягі, адзін зь іх нібыта ўжо павесілі на адным з адміністрацыйных будынкаў гораду.

Херсонцы вітаюць вызваліцеляў

Да вайскоўцаў людзі выходзяць цэлымі сем’ямі, дзеці трымаюць кветкі для сваіх вызваліцеляў. Мясцовыя радуюцца вяртаньню гораду пад кантроль Украіны і кажуць, што сёньня першы дзень, калі яны выйшлі на вуліцы — да гэтага сядзелі ў падвалах.

Людзі гукаюць «Слава Ўкраіне!», дзякуюць украінскім вайскоўцам і разам сьпяваюць дзяржаўны гімн.

Херсон быў адзіным абласным цэнтрам, які Расея захапіла з пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага.

Пра якія-небудзь баі ў горадзе цяпер не паведамляецца. Мінабароны Расеі раней заявіла, што ўсе расейскія вайскоўцы былі выведзеныя з правага берага Дняпра, дзе знаходзіцца Херсон, раніцай у пятніцу.

Кірыл Цімашэнка, намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта, паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што старшыня Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч ужо гатовы да большага аб’ёму працы. Імаверна, яны разам ужо знаходзяцца ў Херсоне.

Пра адступленьне на правы бераг камандуючы расейскай групоўкай генэрал Сяргей Суравікін абвясьціў у сераду. Адвод войскаў, такім чынам, заняў менш за два дні. Расейскія войскі падарвалі за сабой масты праз Дняпро.

Мінабароны Расеі паведаміла, што вывела на левы бераг Дняпра з Херсонскай вобласьці 30 тысяч вайскоўцаў і 5 тысяч адзінак вайсковай тэхнікі.

У Сілах абароны поўдня Ўкраіны раяць радавацца вызваленьню Херсона стрымана

Кіраўніца аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сілаў абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк заявіла, што баявая апэрацыя па вызваленьні Херсона яшчэ працягваецца.

Паводле яе, фатаздымкі і відэа з Херсона, якія ўсё больш тыражуюць розныя ўкраінскія інтэрнэт-рэсурсы, сьведчаць пра тое, што Херсон — гэта Ўкраіна і ён заўсёды быў украінскім.

«Яны [фота] азначаюць, што херсонцы нязломныя, што яны ўмеюць чакаць і маюць вытрымку, якую мы заўсёды просім мець у часе вайсковай апэрацыі, і мы ўдзячныя, што яны гэта вытрымалі, і цяпер так празрыста намякаюць, што, напэўна, у нас будзе ня проста добры дзень, а яшчэ і добры сон», — дадала яна.

Натальля Гумянюк паведаміла: цяпер можна сьцьвярджаць, што колькасьць вызваленых населеных пунктаў у Херсонскай вобласьці ўжо перавысіла 40.

«Гэтая праца настолькі маштабная, што яшчэ патрабуе ўдакладненьня і канчатковых зьвестак, якія рыхтуе Генэральны штаб. Пакуль мы працягваем пазыцыйныя баі, працягваем замацоўваць за сабой вызваленыя тэрыторыі», — адзначыла яна.

Кіраўніца аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сілаў абароны поўдня Ўкраіны падкрэсьліла, што расейцы пакінулі пасьля сябе «шмат вельмі непрыемных сюрпрызаў, у тым ліку замінавалі вялікія ўчасткі мясцовасьці, дарогі, аб’екты крытычнай інфраструктуры і іншыя аб’екты сацыяльнага забесьпячэньня».

«Тут трэба вельмі ўважна падзяляць радасьць і эўфарыю, але ня траціць пільнасьці і ўвагі і памятаць, што ўмацаваньні на левым беразе (куды адышлі расейцы. — РС) яшчэ досыць блізка да тых тэрыторый, якія яны пакінулі, і могуць быць магутныя масаваныя абстрэлы», — падкрэсьліла Натальля Гумянюк.

Украінскія вайскоўцы ў Снігіроўцы Мікалаеўскай вобласьці, 10 лістапада 2022

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявілася фота разбуранага Антонаўскага моста ў Херсоне пасьля адводу расейскіх войскаў за Дняпро

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Навіны з Херсоншчыны: расейцы адступаюць, украінцы вызваляюць тэрыторыі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.