У Пэнтагоне назвалі вайсковыя страты Расеі і Ўкраіны ў вайне і ацанілі цывільныя ахвяры расейскай агрэсіі
Старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі
Старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі заявіў, што паводле зьвестак Пэнтагону, на вайне ва Ўкраіне загінулі і параненыя больш як 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
«Тое самае, імаверна, з украінскага боку», — сказаў Марк Мілі.
Паводле яго, у выніку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі ня менш як 40 тысяч цывільных грамадзян Украіны. «Гэты велічэзныя маштабы людзкіх пакутаў», — дадаў ён.
Адказваючы на пытаньне аб пэрспэктывах дыпляматычнага рашэньня аб спыненьні вайны, старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША адзначыў, што пачаткова адмова ад перамоў у часе Першай усясьветнай вайны павялічыла людзкія пакуты і прывяла да мільёнаў ахвяр.
«Таму, калі ёсьць магчымасьць весьці перамовы, калі можна дасягаць міру, карыстайцеся гэтым момантам», — дадаў генэрал Мілі.
Расея і Ўкраіна не раскрываюць дакладныя зьвесткі аб сваіх загінулых, палічваючы пераважна чужыя страты.
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што на 10 лістапада загінулі больш як 78 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Міністэрства абароны Расеі 21 верасьня паведаміла аб гібелі 5937 сваіх вайскоўцаў.
Галоўнакамандуючы Ўкраіны Валеры Залужны 22 жніўня паведаміў, што на вайне з Расеяй загінулі каля 9 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў верасьні заявіў, што Ўкраіна кожны дзень страчвае каля 50 байцоў у часе наступальных і абарончых апэрацый.
Атрымаць незалежнае пацьвярджэньне ацэнак стратаў абодвух бакоў ва ўмовах вайны немагчыма.