Ва Ўкраіне задакумэнтавалі 110 сэксуальных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі

Пахаваньні ў вызваленым ад расейскай акупацыі горадзе Лімане Данецкай вобласьці

Сьледчыя ідэнтыфікавалі больш як 200 расейскіх вайскоўцаў, якіх завочна абвінавацілі ў сэксуальным гвалце над украінскімі грамадзянамі.

Сьледчыя пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны задакумэнтавалі 110 злачынстваў, зьвязаных з сэксуальным гвалтам, учыненым расейскімі вайскоўцамі супраць цывільных украінскіх грамадзянаў.

«Калі ў жніўні ў нас было каля 40 пацьверджаных выпадкаў сэксуальнага гвалту, то цяпер мы гаворым пра больш як 110 выпадкаў сэксуальнага гвалту з боку вайскоўцаў расейскай арміі над цывільнымі асобамі», — сказаў Юры Белавусаў, кіраўнік дэпартамэнту расьсьледаваньня ваенных злачынстваў Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны.

Паводле яго, у жніўні ў пракуратуры быў створаны асобны падразьдзел, які расьсьледуе толькі сэксуальныя злачынствы расейскіх вайскоўцаў.

«Да 24 лютага мы займаліся якраз расьсьледаваньнем катаваньняў. Я цяпер разумею, што тыя выпадкі, якімі мы займаліся [да расейскага ўварваньня ў лютым], і выпадкі, зь якімі мы сутыкаемся цяпер, — гэта дзьве абсалютна розныя рэальнасьці. Мы цяпер сутыкаемся з такімі сярэднявечнымі праявамі катаваньняў, якія мяжуюць зь відамі сэксуальнага гвалту, як пашкоджаньне геніталіяў — гэта вельмі распаўсюджана сярод расейскіх вайскоўцаў.

Гэта і ўжываньне электрашоку, калі электратокам б’юць чалавека па розных частках цела, уключаючы палавыя органы, што выклікае асабліва жорсткі боль. Гэта калецтва палавых органаў — да адразаньня, пераломы канцавінаў, адразаньне канцавінаў — тое, што з нашага гледзішча ёсьць найбольш жорсткімі відамі катаваньня», — паведаміў Юры Белавусаў у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне расьсьледуюць 43 крымінальныя справы аб сэксуальных злачынствах расейскіх вайскоўцаў супраць мірных грамадзян

Паводле яго, дыяпазон узросту ахвяраў пачынаецца ад чатырохгадовых дзяцей і заканчваецца грамадзянамі сталага ўзросту — старэйшымі за 80 гадоў, гэта як жанчыны, так і мужчыны.

«Асобна варта сказаць пра нашых байцоў, якія ў палоне. На жаль, таксама ёсьць пацьверджаныя выпадкі сэксуальнага гвалту над вайсковымі палонных», — дадаў пракурор.

Юры Белавусаў паведаміў, што сьледчыя ўжо ідэнтыфікавалі больш як 200 расейскіх вайскоўцаў, якіх завочна абвінавацілі ў сэксуальным гвалце над украінскімі грамадзянамі.

Раней праваахоўныя органы Ўкраіны паведамлялі, што найбольш ад сэксуальных злачынстваў у часе расейскай акупацыі пацярпелі жыхары Кіеўскай, Данецкай і Херсонскай вобласьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне ідэнтыфікавалі расейскага вайскоўца, які згвалтаваў цяжарную жанчыну, пасьля чаго яна страціла дзіця

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.