Пуцін: ужо 318 тысяч расейцаў мабілізаваныя на вайну ва Ўкраіне

Уладзімір Пуцін

У Расеі на вайну ва Ўкраіне мабілізаваныя 318 тысяч чалавек, 49 тысяч зь іх ужо знаходзяцца ў зоне баявых дзеяньняў, астатнія пакуль праходзяць падрыхтоўку.

Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас размовы з валянтэрамі на Краснай плошчы ў Маскве. Раней міністар абароны Сяргей Шайгу паведамляў, што на фронт зьехалі 87 тысяч мабілізаваных.

Паводле пляну ў рамках мабілізацыі на вайну павінны былі прызваць 300 тысяч расейцаў. «Чаму 318? Таму што добраахвотнікі. Колькасьць добраахвотнікаў — яна не скарачаецца», — растлумачыў Пуцін. Сёньня ён падпісаў закон аб добраахвотніцкіх фармаваньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея рыхтуе новы напад на Ўкраіну зь Беларусі? Беларускія вайсковыя палігоны — на здымках з спадарожнікаў

Таксама Пуцін падпісаў закон, паводле якога на вайну ва Ўкраіне могуць быць мабілізаваныя грамадзяне з нязьнятай або непагашанай судзімасьцю за цяжкія злачынствы. Закон ня тычыцца асоб, асуджаных, сярод іншага, за пэдафілію, тэрарызм, экстрэмізм, дзяржздраду і арганізацыю незаконнага ўзброенага фармаваньня. Раней паведамлялася пра вярбоўку зьняволеных у так званую «ЧВК Вагнэра».

  • Расея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. У канцы верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў мабілізацыю насельніцтва на вайну ва Ўкраіне і падпісаў адпаведны ўказ. Паводле пляну спачатку павінны былі прызваць 300 тысяч рэзэрвістаў.
  • Празь месяц міністар абароны Сяргей Шайгу паведаміў Пуціну аб выкананьні пляну мабілізацыі. Указу аб яе завяршэньні няма. Таксама Шайгу заявіў, што дадатковы прызыў не плянуецца — войскі будуць камплектавацца за кошт кантрактнікаў і добраахвотнікаў.
  • Выданьне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцы сьцьвярджае, што другая хваля мабілізацыі расейцаў на вайну ва Ўкраіне можа пачацца адразу пасьля Новага году.