Расея рыхтуе новы напад на Ўкраіну зь Беларусі? Беларускія вайсковыя палігоны — на здымках з спадарожнікаў

У сярэдзіне кастрычніка на асноўныя беларускія палігоны пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі, паўстаюць новыя аб’екты вайсковай інфраструктуры. Некаторыя зь іх падобныя да тых, што існавалі ў Беларусі перад расейскім уварваньнем ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Свабода з дапамогай спадарожнікавага сэрвісу Planet Labs спрабавала разабрацца, што там адбываецца.

Паведамленьні пра актыўнае прыбыцьцё расейскіх вайскоўцаў у Беларусь зьявіліся ў сярэдзіне кастрычніка. 10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб разгортваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў «у сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах „саюзнай дзяржавы“». Таксама ён чарговы раз паўтарыў, што Ўкраіна плянуе нанясеньне ўдараў па тэрыторыі Беларусі — пра гэта Менск нібыта папярэдзілі «празь неафіцыйныя каналы».

15 кастрычніка Міністэрства абароны паведаміла аб прыбыцьці першых эшалёнаў з расейскімі вайскоўцамі, якія «ўваходзяць у склад сумеснай з Расеяй рэгіянальнай групоўкі войскаў».

Дакладная колькасьць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі да гэтай пары невядомая. Аляксандар Лукашэнка назваў лічбу 9 тысяч, украінскія выведка гаворыць пра магчымыя 20 тысяч расейскіх мабілізаваных. Мяркуючы па паведамленьнях у сеціве, у Беларусь збольшага прыяжджае «жывая сіла», людзі, а тэхнікі менш.

31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў праект пагадненьня з Расеяй аб утварэньні расейска-беларускіх вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў узброеных сілаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якія сумесныя з расейцамі навучальныя вайсковыя цэнтры ўжо ёсьць у Беларусі і чым яны займаюцца. МАПА

Радыё Свабода паспрабавала разабрацца, што адбываецца на беларускіх вайсковых палігонах. Распазнаць зафіксаваную з дапамогай спадарожніка Planet Labs тэхніку нам дапамог украінскі вайсковы аналітык Міхайла Жырохаў.

230-ты агульнавайсковы палігон «Обуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі (Берасьцейская вобласьць)

На здымках за 31 кастрычніка 2022 году відаць, што на тэрыторыі палігону зьявілася вялікая колькасьць вайсковых намётаў і тэхнікі. Прыбываць яна пачала пасьля 16 кастрычніка.

Агульны выгляд палігону «Обуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі 31 кастрычніка 2022

Уся гэтая вайсковая інфраструктура зьявілася ў пэрыяд ад жніўня да канца кастрычніка.

«Беларускі Гаюн» неаднойчы паведамляў пра прыбыцьцё эшалёнаў з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай на чыгуначныя станцыі ў Баранавічах, а таксама на станцыю «Палонка», што непадалёк ад палігону «Обуз-Лясноўскі».

Тэрыторыя палявога лягера і стаянкі вайсковай тэхнікі на палігоне «Обуз-Лясноўскі» 31 кастрычніка 2022

На здымку вышэй бачым два намётавыя лягеры. Памеры большага — 150×220 мэтраў, гэта больш за два футбольныя палі. Побач зь ім яшчэ адзін намётавы лягер, 90×90 мэтраў. Усяго пастаўлена ня менш за 150 намётаў. Каля іх сама меней 200 адзінак вайсковай тэхнікі, у асноўным гэта грузавыя машыны.

Перад пачаткам вайны ва Ўкраіне на палігоне «Обуз-Лясноўскі» можна было назіраць вельмі падобны да цяперашняга лягер. На здымку ніжэй бачым, што намётаў тады было менш, а тэхнікі больш.

Агульны выгляд палявога лягера і стаянкі вайсковай тэхнікі на палігоне перад пачаткам вайны ва Ўкраіне 15 лютага 2022

На поўнач ад лягера знаходзіцца аб’ект, падобны да палявога шпіталя памерам 100 на 80 мэтраў, гэта як футбольнае поле.

У самай паўночнай частцы палігону на тэрыторыі вучэбнага цэнтру відаць ня менш як 40 намётаў на агульнай плошчы 100 на 60 мэтраў.

Палявы шпіталь і намёты на тэрыторыі вучэбнага цэнтру на палігоне «Обуз-Лясноўскі» 31 кастрычніка 2022

Вайсковы палігон «Рэпішча» пад Асіповічамі (Магілёўская вобласьць)

На спадарожнікавым здымку за 31 кастрычніка на палігоне «Рэпішча» знаходзіцца лягер 50 на 160 мэтраў і ня менш як 35 вайсковых намётаў. Побач стаянка тэхнікі (150 на 150 мэтраў). На ёй відаць грузавікі і некалькі падобных да гаўбіц машын. Яны толькі заяжджаюць на стаянку.

На здымку, зьнятым на дзень раней, відаць, што тэхнікі на траціну менш.

Агульны выгляд палявога лягера і стаянкі вайсковай тэхнікі на тэрыторыі палігону «Рэпішча» пад Асіповічамі 31 кастрычніка 2022

На поўнач ад палігону — станцыя Верайцы. Там стаіць чыгуначны састаў, зь якога згружаюць тэхніку. Частка чыгуначных плятформаў пустая, частка — яшчэ з тэхнікай. На дарозе ў кірунку палігону стаіць калёна вайсковай тэхнікі.

Чыгуначная станцыя Верайцы непадалёк ад палігону «Рэпішча» пад Асіповічамі 31 кастрычніка 2022

Па ранейшых спадарожнікавых здымках можна заўважыць, што лягер пачынае актыўна расьці, а тэхніка прыбываць пасьля 17 кастрычніка. На здымку за гэты дзень яе яшчэ не відаць.

Вайсковы палігон «Ласьвіда» каля Віцебску

На спадарожнікавых здымках палігону «Ласьвіда» відаць, што намёты там пачынаюць зьяўляцца пасьля 11 кастрычніка. На здымку за 14 кастрычніка яны ўжо ёсьць, зьяўляецца першая тэхніка. Далей лягер толькі павялічваецца.

Агульны выгляд палявога лягера і стаянкі вайсковай тэхнікі на палігоне «Ласьвіда» пад Віцебскам 31 кастрычніка 2022

Вайсковы аэрадром Мачулішчы пад Менскам

Аэрадром «Мачулішчы» апошнім часам часта трапляе ў навіны і паведамленьні людзей у першую чаргу з прычыны разьмешчаных там трох самалётаў-зьнішчальнікаў МІГ-31К Вайскова-касьмічных сілаў Расеі. Яны здольныя несьці гіпэргукавыя ракеты «Кінжал», якія могуць паражаць цэлі ва Ўкраіне, а таксама на адлегласьці 2000 км. Згодна з паведамленьнямі ў тэлеграм-канале «Беларускі Гаюн», гэтыя самалёты нясуць пастаяннае дзяжурства ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Амаль кожны раз пры гэтым у шматлікіх абласьцях Украіны ўводзяць рэжым паветранай трывогі.

Імаверна, расейскія зьнішчальнікі МІГ-31К і гіпэргукавая ракета «Кінжал» каля іх. Здымак 30 кастрычніка 2022

На спадарожнікавым фатаздымку за 30 кастрычніка добра відаць гэтыя тры зьнішчальнікі. Побач з адным зь іх якраз стаіць аб’ект, які даўжынёй (7–8 мэтраў) і формай падобны да ракеты «Кінжал». Аб прысутнасьці гэтых расейскіх зьнішчальнікаў і наяўнасьці на аэрадроме аб’ектаў, падобных да кантэйнэраў для захоўваньня ракет «Кінжал», гаворыць і брытанская выведка.

Пра што сьведчыць пабачанае на спадарожнікавых здымках?

Вайсковы аналітык Міхайла Жырохаў падсумоўвае, што фармаваньне групоўкі, пра якую казаў Аляксандар Лукашэнка, «фактычна ўжо пачалося і ідзе даволі хуткімі тэмпамі».

«У Расеі цяпер праблема з палігонамі (у 1990-х большую частку распрадалі), таму яны могуць выкарыстоўваць палігоны Беларусі для трэнаваньня мабілізаваных. Перанавучаньне і фармаваньне новых частак будзе праходзіць у зімовы пэрыяд, а ўвесну 2023 году Расея можа атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі», — лічыць Міхайла Жырохаў.

Паводле вайсковага экспэрта, для наступу на Ўкраіну расейцам патрэбна каля 70 тысяч людзей з танкамі, тэхнікай, боепрыпасамі і гаруча-змазачнымі матэрыяламі. «Таму цяпер мы назіраем толькі пачатак працэсу, далей расейская прысутнасьць у Беларусі будзе павялічвацца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што адбываецца на беларускім аэрадроме ў Зябраўцы ля мяжы з Украінай. Спадарожнікавыя ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што вядома пра разьмяшчэньне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі. МАПА

Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.

  • Наш тэлеграм-бот @SvabodaBelarus_bot
  • Наш нумар у Signal +380502605369

За дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула ўдзячныя сэрвісу Planet Labs, а таксама праекту «Схемы».