Пра гэта паведамляе газэта The New York Times са спасылкай на неназваных амэрыканскіх службоўцаў.
Паводле яе зьвестак, вайсковае кіраўніцтва ў Маскве нядаўна вяло дыскусіі на гэтую тэму.
Паводле выданьня, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ня браў удзелу ў гэтых дыскусіях. Ён адзіны, хто можа прыняць рашэньне аб выкарыстаньні ядзернай зброі, незалежна ад думкі генэралаў.
Але сам факт такіх дыскусій выклікае асьцярогі Белага дома, адзначае The New York Times. Там лічаць, што дыскусія выкліканая раздражненьнем сярод расейскіх вайскоўцаў з прычыны няўдач у вайне з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін выказаўся пра ядзерны ўдар і «брудную бомбу»Заходнія краіны лічаць, што Крэмль рэгулярна намякае на магчымасьць выкарыстаньня ядзернай зброі з пачатку вайны ва Ўкраіне. У выступе 27 кастрычніка Пуцін заявіў, што Масква ніколі не казала, што гатовая зрабіць гэта.
Тым часам ананімныя крыніцы газэты The Washington Post у адміністрацыі Байдэна кажуць, што амэрыканскія чыноўнікі не супакоеныя словамі Пуціна.
Там лічаць, што рызыка выкарыстаньня ядзернай зброі павысіцца, калі Масква вычарпае магчымасьці сваіх сіл і звычайнага ўзбраеньня ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн папярэдзіў, што прымяненьне Расеяй ядзернай зброі стала б «надзвычай сурʼёзнай памылкай»