Ва ўрадзе Беларусі заплянавалі падвышэньне падатку на кватэры

Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве па падатках і зборах расказалі, калі і на колькі могуць павялічыць падатак на першую кватэру.

Як паведаміў 2 лістапада начальнік галоўнага ўпраўленьня падаткаабкладаньня фізычных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі, збор за першую кватэру можа вырасьці прыкладна на 10%. Яго цытуе Zerkalo.io.

Аднак канчатковае рашэньне аб павышэньні пакуль не прынята. Як удакладніў прадстаўнік ведамства, законапраект аб зьмяненьні ставак падатку разгледзяць у Палаце прадстаўнікоў, а таксама ў Савеце Рэспублікі. Павысіць падатак хочуць з 2023 году.

Пытаньне адмены падатку на першую кватэру не разглядаецца, сказаў Кавалеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы бюджэт пражытковага мінімуму, падаткі на кватэры, прыбаўка бюджэтнікам. Якія зьмены чакаюць беларусаў у лістападзе

Збор за першую кватэру зьявіўся з прычыны зьмен, унесеных у Падатковы кодэкс у 2022 годзе. Падатак складае 0,1% ад цаны аднаго квадратнага мэтра, памножаную на колькасьць квадратных мэтраў кватэры. Разьліковы кошт аднаго квадратнага мэтра тыпавых будынкаў — кватэр, гаражоў, машына-месцаў, садовых домікаў, дач — розьніцца ў залежнасьці ад рэгіёну. Найвышэйшы ён у Менску — каля 50 рублёў, у рэгіёнах у два разы меншы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «2 мільярды непрадбачаных выдаткаў». Лукашэнка зьвязаў падатак на кватэры з затратамі на каранавірус

Летась першы намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко назваў галоўнымі мэтамі зьбіраньня падатку з уласьнікаў кватэр «выраўноўваньне падатковай нагрузкі паміж грамадзянамі» і «папаўненьне мясцовых бюджэтаў, за кошт якіх добраўпарадкоўваюць тэрыторыю каля дамоў і мяняюць ліфты».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве фінансаў назвалі яшчэ дзьве мэты ўвядзеньня падатку з кватэр