Яны прыйшлі да высновы, што жорсткае катаваньне і забойствы мірных жыхароў прыгарадаў Кіева ў першыя дні вайны былі не ініцыятывай шараговых расейскіх салдатаў, а стратэгіяй іхнага камандаваньня на задушэньне любага супраціву «нацыяналістаў».
Паводле зьвестак Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў, расейскія войскі, што ішлі ў кірунку Кіева, атрымалі загады заблякаваць і зьнішчыць «супраціў нацыяналістаў». Вайскоўцы выкарыстоўвалі складзеныя расейскай выведкай сьпісы і праводзілі «зачысткі», каб «нэўтралізаваць» кожнага, хто можа несьці пагрозу.
Старшы навуковы супрацоўнік інстытуту Джэк Уотлінг паведаміў журналістам, што загады падпісваў камандуючы гэтым апэрацыйным кірункам генэрал-палкоўнік Аляксандар Чайка, вядомы сваёй жорсткасьцю ў часе свайго камандаваньня расейскай групоўкай у Сырыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як сёньня выглядае Буча, дзе ў масавым пахаваньні знайшлі 117 цел расстраляных расейцамі ўкраінцаў. ФОТАТыя, хто выжыў у Бучы і іншых населеных пунктах пад Кіевам, паведамілі журналістам, што расейскія вайскоўцы катавалі і забівалі грамадзян пры хаця б невялікім падазрэньні, што тыя могуць дапамагаць украінскай арміі. Жорсткасьць і зачысткі заўсёды ўзмацняліся пасьля таго, як войскі Ўкраіны наносілі кропкавыя ўдары па расейскіх пазыцыях у Кіеўскай вобласьці.
Гэтую інфармацыю журналісты змаглі пацьвердзіць, калі праслухалі перахопленыя тэлефонныя размовы, у якіх расейскія вайскоўцы казалі, што маюць загад забіваць усіх, цывільных і вайскоўцаў, а таксама ня браць украінскіх жаўнераў у палон, а адразу іх расстрэльваць.
Журналісты апублікавалі некалькі цытат з гэтых тэлефонных размоў, у тым ліку аб тым, як у палон да расейцаў трапіў 18-гадовы хлопец.
«Спачатку яму прастрэлілі ногу з аўтамата, потым яму адрэзалі вушы. Ён ва ўсім прызнаўся, і мы яго застрэлілі. Мы не бяром палонных. Гэта азначае, што мы нікога не пакідаем у жывых», — сказаў адзін з расейскіх вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Буча, Марыюпаль і цяпер Ізюм. У вызваленых населеных пунктах Харкаўшчыны знайшлі доказы новых злачынстваў расейскай арміі. ВІДЭАБуча як сымбаль расейскай агрэсіі супраць украінцаў
Горад Буча Кіеўскай вобласьці стала сымбалем зьверства расейскіх вайскоўцаў і справай нумар адзін для праваахоўных органаў Украіны, якія расьсьледуюць ваенныя злачынствы расейскай арміі. Але такія катаваньні зафіксаваны і ў іншых украінскіх гарадах.
Расейскія войскі з пачатку красавіка адступілі з Кіеўскай вобласьці. Калі Ўкраіна пачала аднаўляць кантроль над гэтымі тэрыторыямі, на іх было зафіксавана масавае зьнішчэньне мірнага насельніцтва. У першую чаргу гаворка ідзе пра Бучу, дзе, паводле папярэдніх ацэнак, загінулі ня менш за 400 грамадзян. Агулам у Кіеўскай вобласьці ўжо знайшлі целы больш як 1200 забітых цывільных асоб.
Цяпер аналягічныя злачынствы рэгіструюць у вызваленых ад расейскіх войскаў населеных пунктах Харкаўскай, Данецкай і Херсонскай абласьцей.
Сьледчыя групы Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ўжо зафіксавалі каля 40 тысяч ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі.
Кіраўніцтва Расеі і Беларусі назвалі ўсе гэтыя факты фэйкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Выснова Сьледчай камісіі ААН: «Расейская армія ўчыняе ваенныя злачынствы ў вялізарным маштабе»Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.