Кадыраў прызнаў гібель 23 чачэнскіх байцоў у выніку ўдару УСУ

Рамзан Кадыраў

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў у сваім тэлеграм-канале напісаў пра гібель 23 чачэнскіх байцоў ад артылерыйскага ўдару УСУ ў Херсонскай вобласьці.

Па словах Кадырава, гэта адбылося ў пачатку тыдня. Кіраўнік Чачэніі паведаміў таксама пра 58 параненых, зь якіх чацьвёра атрымалі «цяжкія траўмы».

Асобна Кадыраў падкрэсьліў, што «чачэнцы ўдзельнічаюць у джыгадзе», а «пасьці ў сьвятой вайне — гэта вялікі гонар і радасьць для кожнага сапраўднага мусульманіна».

Пры гэтым ён паабяцаў выдзеліць на пахаваньне кожнага загінулага кадыраўца мільён рублёў (≈ 16 200 $), а яшчэ па 12 мільёнаў, паводле яго, «выдзеліць дзяржава».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў назваў вайну ва Ўкраіне джыгадам

Паведамленьні пра гібель кадыраўцаў зьяўляліся ў СМІ з самага пачатку расейскага ўзброенага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны, аднак 24 кастрычніка ва ўкраінскіх вайсковых тэлеграм-каналах зьявілася інфармацыя аб «накрыцьці» адразу вялікай групы чачэнцаў — называліся лічбы ад пяцідзесяці да ста загінулых. Кадыраў да сёньня не камэнтаваў гэтай інфармацыі. Напярэдадні ён толькі выступіў зь вельмі рэзкай заявай, заклікаўшы «сьціраць зь зямлі» ўкраінскія гарады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кадыраў заклікаў знішчыць украінскія гарады, яму нагадалі гісторыю зруйнаваньня Расеяй Грознага