27 кастрычніка прадстаўнік Расеі пры ААН чарговы раз падняў пытаньне аб стварэньні камісіі, якая б расьсьледавала сьцьвярджэньні аб амэрыканскіх лябараторыях па распрацоўцы біялягічнай зброі, што нібыта функцыянуюць на тэрыторыі Ўкраіны.
У сваю чаргу Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі абвінавацілі Расею ў тым, што яна марнуе час Рады Бясьпекі ААН і распаўсюджвае «тэорыі змоў», ізноў выстаўляючы падобныя абвінавачаньні.
«Колькі нам яшчэ трываць гэтае глупства?» — зьвярнулася да членаў Рады Бясьпекі пастаянная прадстаўніца Вялікай Брытаніі пры ААН Барбара Вудворд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Белы дом: ЗША адрэагуюць на магчымыя ўдары Расеі па камэрцыйных спадарожнікахРасея раней як мінімум двойчы падымала ў Радзе Бясьпекі пытаньне аб амэрыканскіх праграмах распрацоўкі біялягічнай зброі ва Ўкраіне, нягледзячы на тое, што Вашынгтон і Кіеў неаднаразова зьняпраўджвалі гэтыя сьцьвярджэньні.
Цяпер Расея настойвае на афіцыйным расьсьледаваньні. Масква распрацавала рэзалюцыю Рады Бясьпекі аб стварэньні камісіі ў складзе ўсіх 15 чальцоў Рады для расьсьледаваньня прэтэнзій. Такі крок магчымы (але ніколі не ўжываўся) у адпаведнасьці з Канвэнцыяй аб біялягічнай зброі, якая набыла моц у 1975 годзе.
Пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд назвала абвінавачаньні Расеі «чыстай выдумкай безь ніякіх доказаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін выказаўся пра ядзерны ўдар і «брудную бомбу»Прадстаўнікі ААН, якія займаюцца праблемамі ўзбраеньняў, ужо даўно заяўляюць, што ім нічога невядома пра якія-небудзь праграмы распрацоўкі біялягічнай зброі ва Ўкраіне.
«Вы сапраўды думаеце, што мы такія наіўныя?» — заявіў на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН пастаянны прадстаўнік Расеі Васіль Нябензя, прапаноўваючы стварыць камісію для расьсьледаваньня заяў аб біялягічнай зброі.
«Вы сапраўды думаеце, што мы думаем, што Пэнтагон зьбіраецца інфармаваць высокага прадстаўніка Офісу ў пытаньнях раззбраеньня ААН аб сваіх сакрэтных біялягічных праграмах ва Ўкраіне?» — сказаў Нябензя.
Пакуль незразумела, калі Расея паставіць праект рэзалюцыі на галасаваньне. Для прыняцьця рэзалюцыі патрабуецца дзевяць галасоў і адсутнасьць вэта з боку Расеі, Кітая, ЗША, Францыі ці Вялікай Брытаніі. Заходнія дыпляматы заявілі, што дзеяньні Расеі, хутчэй за ўсё пацярпяць няўдачу.
Томас-Грынфілд заявіла, што ніякіх украінскіх лябараторый біялягічнай зброі, якія падтрымліваюцца Вашынгтонам, не існуе. Яна адзначыла, што Ўкраіна, як і многія краіны, мае лябараторную інфраструктуру грамадзкай аховы здароўя для аховы ад інфэкцыйных захворваньняў.
«Гэтае паседжаньне — калясальная трата часу. Спроба адцягнуць увагу ад зьверстваў, якія расейскія войскі чыняць ва Ўкраіне, і адчайная тактыка, каб апраўдаць нічым неапраўданую вайну», — заявіла пастаянны прадстаўнік ЗША, выступаючы на учорашнім паседжаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
СБУ: тэракт у Аленаўцы ўчынілі расейцы з рэактыўных агнямётаў «Чмель», тады загінулі 50 украінскіх палонныхВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.