Дакумэнт зроблены на запыт прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і складаецца з 21 старонкі.
Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы, якая займаецца канстытуцыйнымі прававымі экспэртамі, апублікавала канчатковае заключэньне адносна таго, ці адпавядае нядаўняя канстытуцыйная рэформа ў Беларусі стандартам Рады Эўропы.
Вэнэцыянская камісія прыйшла да высновы, што канстытуцыйныя папраўкі, фармальна зацьверджаныя на рэфэрэндуме 27 лютага 2022 году, прынялі з грэбаваньнем базавымі дэмакратычнымі прынцыпамі і што яны не выпраўляюць ужо існуючы моцны дысбалянс уладаў і нават пагоршылі яго, спрыяючы функцыянаваньню аўтарытарнага рэжыму.
Раней Вэнэцыянская камісія ўжо ацаніла сам праект Канстытуцыі, прапанаваны Лукашэнкам. Паводле камісіі, у ім:
- па-ранейшаму адсутнічае вяршэнства закону, няма незалежнай судовай улады, захоўваецца пракуратура савецкага ўзору;
- свабоднае грамадзкае абмеркаваньне праекту зьвялося да фармальнасьці, прычым да працэсу не дапусьцілі ўсіх нязгодных;
- прэзыдэнт захоўвае кантроль над парлямэнтам — той застаецца слабым інстытутам, які можа быць распушчаны прэзыдэнтам на шырокіх падставах;
- прэзыдэнт можа адначасова займаць пасаду старшыні УНС, што пагаршае адсутнасьць рэальнага падзелу ўладаў і сьведчыць пра далейшую канцэнтрацыю паўнамоцтваў у руках адной асобы;
- УНС, чальцы якога не выбіраюцца, становіцца паралельным урадам, які будзе функцыянаваць паралельна з кабінэтам міністраў і парлямэнтам. Прычым у выпадку неабходнасьці можна замяняць іх, калі гэтага захоча прэзыдэнт;
- праект паправак ня проста захоўвае існы стан справаў, але і ўмацоўвае цяперашняе становішча прэзыдэнта ў Канстытуцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пяць падабенстваў і адно адрозьненьне канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Беларусі і рэфэрэндуму 2014 году ў КрымеЯкія высновы зрабілі юрысты камісіі ў дакумэнце ад 21-22 кастрычніка
- Паводле Камісіі, няма ніякіх падстаў меркаваць, што канстытуцыйны рэфэрэндум меў дэмакратычную легітымнасьць працэсу.
- Працэдура ўнясеньня паправак не адпавядала неабходным парлямэнцкім стандартам удзелу, празрыстасьці працэсу распрацоўкі, інклюзіўнасьці грамадзкага абмеркаваньня і агульнай павагі да правоў чалавека і асноўных свабод.
- Пачатак агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны праз тэрыторыю Беларусі і пры актыўным удзеле яе ўладаў за некалькі дзён да рэфэрэндуму яшчэ больш падарвалі легітымнасьць працэсу.
- Што тычыцца сутнасьці, то папраўкі адкрываюць магчымасьць для адвольных абмежаваньняў ажыцьцяўленьня асноўных правоў і свабодаў.
- Нягледзячы на праваабарончы дыскурс у папраўках да гэтай часткі Канстытуцыяй, сьмяротнага пакараньня не адмянілі.
- Незалежнасьць і бесстароннасьць выбарчых органаў не былі належным чынам забясьпечаны.
- Што тычыцца інстытуцыйнай структуры і падзелу ўладаў, папраўкі захоўваюць надзвычай магутную ролю цяперашняга прэзыдэнта ў адносінах да іншых дзяржаўных уладаў, за якія Камісія ўжо крытыкавала Канстытуцыю з папраўкамі ў 1996 і 2004 гадах.
- Асабістае дамінантнае становішча дзейнага прэзыдэнта выглядае яшчэ больш узмоцненым праз індывідуальна падабраныя правілы і гарантыі, накіраваныя на захаваньне сучаснага стану спраў.
- Усебеларускі народны сход (УНС), новы канстытуцыйны орган невыразнага складу, будзе мець шырокія і неаднародныя паўнамоцтвы. Гэтыя паўнамоцтвы замахваюцца на кампэтэнцыі іншых дзяржаўных органаў. Прэзыдыюм УНС, склад і паўнамоцтвы якога таксама не вызначаныя, непазьбежна будзе адыгрываць вырашальную ролю на апэратыўным узроўні.
- Такім чынам, УНС носіць кляймо камуністычнага «дэмакратычнага цэнтралізму» і цягне за сабой зьліцьцё і канцэнтрацыю сіл. Яго галоўная мэта — захаваньне правілаў і кантролю за дзейным прэзыдэнтам краіны і яго атачэньнем назаўжды, што робіць гэта несумяшчальным з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, замацаванымі Радай Эўропы.
- Гэтая канстытуцыйная рэформа таксама зьяўляецца страчанай магчымасьцю для паляпшэньня статусу судовай улады. Ніякіх гарантый незалежнасьці не дадзена. Усе судзьдзі судоў агульнай юрысдыкцыі прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады прэзыдэнтам. Ніякага органа тыпу судовай рады ня ўведзена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Навошта новая Канстытуцыя? Вынікі апытаньня Chatham HouseШто такое Вэнэцыянская камісія
Эўрапейская камісія за дэмакратыю праз права больш вядомая па назьве гораду, дзе яна зьбіраецца (Вэнэцыянская камісія). Яе стварылі 18 краін – сяброў Рады Эўропы неўзабаве пасьля падзеньня Бэрлінскага муру ў 1990 годзе.
Камісія адыграла ключавую ролю ў прыняцьці краінамі Ўсходняй Эўропы канстытуцый, якія адпавядаюць стандартам эўрапейскай канстытуцыйнай спадчыны.
Галоўнай задачай Камісіі зьяўляецца аказаньне канстытуцыйна-прававой дапамогі ў асноўным дзяржавам, якія ўдзельнічаюць у яе дзейнасьці.
Камісія дае заключэньні па запытах ня толькі дзяржаў, але і статутных органаў Рады Эўропы і міжнародных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у яе працы.
Акрамя заключэньняў, Камісія таксама рыхтуе агульныя справаздачы па наступных асноўных кірунках:
- функцыянаваньне дэмакратычных інстытутаў і абарона асноўных правоў;
- выбары, рэфэрэндумы і палітычныя партыі;
- канстытуцыйнае правасудзьдзе.
У лютым 2002 году Камісія стала пашыраным пагадненьнем, якое дазволіла неэўрапейскім дзяржавам далучыцца да яе. Цяпер у камісію ўваходзяць 62 дзяржавы з розных кантынэнтаў.
Беларусь удзельнічае ў яе працы ў якасьці асацыяванага сябра.
Вэнэцыянская камісія складаецца зь «незалежных экспэртаў, якія атрымалі міжнароднае прызнаньне дзякуючы досьведу працы ў дэмакратычных інстытутах або ўкладу ў разьвіцьцё права і палітычнай навукі».
У яе склад уваходзяць, у прыватнасьці, выкладчыкі ВНУ, якія выкладаюць канстытуцыйнае і міжнароднае права, судзьдзі Вярхоўнага і канстытуцыйных судоў, дэпутаты нацыянальных парлямэнтаў, высокапастаўленыя службовыя асобы. Яны прызначаюцца дзяржавамі-чальцамі на чатырохгадовы тэрмін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гэта яшчэ бяздарней, чым нават у СССР» — што адбываецца ў Беларусі за 10 дзён да рэфэрэндумуКанстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».