У Расеі пачалі ставіць супрацьтанкавыя загароджаньні ў рэгіёне, які мяжуе з Украінай

Супрацьтанкавыя загароджаньні каля Марыюпалю, 20 лютага 2022

Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Расеі Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што ўлады рэгіёну прыступілі да ўсталяваньня ахоўных збудаваньняў.

На фатаграфіях відаць расстаўленыя ў два шэрагі бэтонныя тэтраэдры, якія як правіла выкарыстоўваюцца як супрацьтанкавыя загароджаньні. Дзе менавіта іх устанаўліваюць, губэрнатар не ўдакладніў.

Раней 22 кастрычніка Гладкоў паведаміў пра нібыта двух загінулых і больш як 10 пацярпелых пры абстрэле горада Шабекіна. Ён сьцьвярджаў, што абстрэл вёўся з боку Ўкраіны, пацярпелі цывільныя аб’екты.

Першапачаткова губэрнатар напісаў пра 5 параненых, потым паведаміў, што пацярпелі 11 чалавек, зь іх 4 — у цяжкім стане, а пасьля гэтага дадаў, што 2 чалавекі загінулі. Па словах губэрнатара, частка гораду засталася без электрычнасьці.

Горад Шабекіна разьмешчаны паблізу ад мяжы з Харкаўськай вобласьцю Ўкраіны. Напярэдадні паведамлялася, што ў выніку абстрэлу ў ім загарэўся лякафарбавы завод. У той жа дзень Гладкоў паведаміў аб абстрэле вёскі Мурам Шабекінскай гарадзкой акругі. У выніку пацярпелі будынкі школы, дзіцячага сада, Дамы культуры і прыватныя жылыя дамы. Як сьцьвярджае Гладкоў, абстрэл вялі Ўзброеныя сілы Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ранішніх атак ва Ўкраіне больш за 1,5 мільёна чалавек засталіся без электрычнасьці. Падачу электраэнэргіі абмежавалі ў 10 абласьцях

Белгарадзкая вобласьць РФ у апошнія дні дастаткова рэгулярна трапляе пад абстрэлы, над Белгарадам расейская СПА пэрыядычна зьбіваюць паветраныя цэлі — на мінулым тыдні абломкі зьбітага лятальнага апарата пашкодзілі шматпавярховы жылы дом. Удары наносяцца ў тым ліку па энэргетычных абʼектах.

Украінскі бок не пацьвярджае і не адмаўляе сваё дачыненьне да ўдараў. У рэгіёне прадоўжылі школьныя канікулы, а жыхароў шэрагу прыгранічных вёсак перасялілі. З расейскіх пазыцый пад Белгарадам рэгулярна вядуцца абстрэлы Харкава і Харкаўскай вобласьці.

Як украінцы рыхтуюцца да суровай зімы, нягледзячы на ​​расейскія абстрэлы і разбураную інфраструктуру. ФОТА