«Перамога Ўкраіны стане працягам і завяршэньнем беларускай мірнай рэвалюцыі». У Празе адбыўся першы зьезд беларусаў Чэхіі

Прамаўляе прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасьці ва Ўрадавай Радзе ў справах нацменшасьцяў Алена Ціхановіч

У Празе ў памяшканьні магістрату прайшоў першы зьезд беларусаў Чэхіі.

Беларуская дыяспара ў Чэхіі мае даўнія традыцыі, закладзеныя яшчэ кіраўнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі у 20-х гадах ХХ стагодзьдзя. Беларуская нацыянальная меншасьць мае прадстаўніцтва ва ўрадавай Радзе ў справах нацменшасьцяў. Сёньня ў Чэхіі дзейнічае некалькі дзясяткаў беларускіх арганізацый і ініцыятываў — палітычных, культурніцкіх і адукацыйных.

Чэхія дала прытулак сотням беларускіх актывістаў, якія пацярпелі падчас падаўленьня пратэстаў 2020 году, арганізавала лячэньне дзясяткаў параненых і пацярпелых ад дзеяньняў сілавікоў. Многія з гэтых людзей далучыліся да дзейнасьці беларускіх арганізацый у Чэхіі і працягваюць змагацца за дэмакратычную будучыню Бацькаўшчыны.

На зьезьдзе былі зачытаныя прывітальныя словы старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, дэмакратычая лідарка Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да ўдзельнікаў з відэазваротам. Зьезд таксама віталі прадстаўнік Пераходнага кабінэту і Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка і ўпаўнаважаная ў правах чалавека Чэскай Рэспублікі Клара Шымачкава-Лаўрэнчыкава. Таксама быў зачытаны зварот кіраўніцтва Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Відэазварот Сьвятланы Ціханоўскай

Пра ролю беларусаў у чэскім грамадзтве распавялі прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасьці ва Ўрадавай Радзе ў справах нацменшасьцяў Алена Ціхановіч і прадстаўніца беларускай меншасьці пры праскім магістраце Крысьціна Шыянок.

Зь дзейнасьцю сваіх арганізацый і суполак удзельнікаў зьезду пазнаёмілі Ўладзіслаў Яндзюк (суполка «Скарына»), Віталь Цімошчанка (суполка «Пагоня»), Аўген Сідорык (Зьвяз беларусаў у замежжы), Натальля Кузьняцова («Вершніца»), Ніна Скеп’ян (Беларускі інстытут у Празе), Сьвятлана Судноўская (Беларускае танцавальнае таварыства). Прадстаўнік «Беларускага студэнцтва Чэхіі» Зьміцер Мятліцкі распавёў пра сустрэчы с кіраўніцтвам чэскіх ВНУ, на якіх абмяркоўваліся меры падтрымкі беларускіх студэнтаў у Чэхіі. Кірыл Якімовіч расказаў пра дапамогу беларускім добраахвотнікам, якія ваююць ва Ўкраіне супраць расейскіх войскаў.

Прамаўляе Павал Латушка

Удзельнікі зьезду (больш як 130 чалавек) абмеркавалі розныя аспэкты працы дыяспары — ад супрацоўніцтва зь Пераходным кабінэтам, пра што казалі Павал Латушка і ўпаўнаважаная па пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык, да праблемы легалізацыі грамадзянаў Беларусі пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны і даступнасьці банкаўскіх паслугаў.

Выступае палітоляг Павал Вусаў

Палітоляг Павал Вусаў выказаў свае погляды на пэрспэктыву ўдзелу дыяспары ў фармаваньні будучай Беларусі.

Асобнай рэзалюцыяй удзельнікі зьезду выказалі падтрымку народу Ўкраіны. «Мы зьвяртаемся да Рады БНР, Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту, — гаворыцца ў заяве, — да ўсіх арганізацый беларусаў замежжа, да нашых добраахвотнікаў ва Ўкраіне з заклікам распачаць больш эфэктыўны і практычны дыялёг дзеля кансалідацыі дзеяньняў, накіраваных на перамогу над агрэсарам ва Украіне і ў Беларусі. Мы верым, што перамога Ўкраіны стане працягам і завяршэньнем беларускай мірнай рэвалюцыі і скончыць ганебную эру праўленьня Лукашэнкі».

Сяргей Абламейка і Аліна Коўшык

Гісторык і пісьменьнік Сяргей Абламейка прадставіў сваю новую кнігу «Чаму Беларусь не Расея», якая выйшла ў кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе».

Сяргей Абламейка падпісвае сваю новую кнігу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія, якая старшынюе ў Эўразьвязе, патрабуе міжнароднага трыбуналу над Расеяй
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская — дыпляматам краін ЭЗ: «Перамога Ўкраіны можа адчыніць вакно магчымасьцяў для пераменаў у Беларусі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка зробіць тое, што загадае Пуцін, але...» Палітоляг Вусаў пра сутнасьць гульні Ўкраіны зь Менскам