Намесьнік камандзіра палку Каліноўскага: У нас ёсьць палітычныя амбіцыі, Сахашчыку мы не давяраем

Прадстаўнікі палку Каліноўскага з украінскімі дэпутатамі. У цэнтры ў другім шэрагу — Вадзім Кабанчук.

Пасьля сустрэчы прадстаўнікоў палку Каліноўскага з дэпутатамі ўкраінскай Вярхоўнай Рады намесьнік камандзіра «каліноўцаў» Вадзім Кабанчук расказаў Свабодзе пра палітычныя амбіцыі палку і стаўленьне да Сьвятланы Ціханоўскай і «пераходнага кабінэту».

Па выніках сустрэчы зь Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаньнем «Дэмакратычная Беларусь», дэпутаты вырашылі прапанаваць ураду ўнесьці зьмены ў пастанову, якая не дазваляе выплачваць кампэнсацыі сем’ям беларускіх грамадзян, што загінулі за Ўкраіну. Таксама дэпутаты вырашылі вынесьці на галасаваньне пастанову аб прызнаньні Беларусі тэрыторыяй, часова акупаванай Расеяй.

— Вадзім, раскажыце, што гэта была за сустрэча, якой была яе задача?

— Гэта была сустрэча з дэпутатамі Вярхоўнай Рады, якія ўваходзяць у групу падтрымкі Беларусі. Мы ўжо даўно плянавалі наладжваньне такіх палітычных кантактаў. Першыя месяцы вайны мы займаліся фактычна вайсковым будаўніцтвам, але зараз мы разумеем, што для таго, каб пасьпяхова рэалізаваць пляны па зьмене ўлады ў Беларусі, нам патрэбныя ў тым ліку і палітычныя кантакты, зыходзячы з розных меркаваньняў. У першую чаргу, каб мы больш эфэктыўна маглі разбудаваць сваю структуру ў нешта большае.

— Я так разумею, што полк Каліноўскага стварае цяпер палітычнае крыло?

— Так, у нас гэта ёсьць у плянах, пакуль я не магу сказаць дакладна, як гэта гэта будзе называцца. Але ў плянах гэта ёсьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Полк Каліноўскага паведаміў пра сустрэчу з украінскімі дэпутатамі

— Дэпутат Аляксей Ганчарэнка сказаў сёньня нам у інтэрвію, што прызнае легітымнымі прадстаўнікамі Беларусі і полк Каліноўскага, і Сьвятлану Ціханоўскую і Аб’яднаны пераходны кабінэт. А чаму полк Каліноўскага дыстанцыюецца ад Ціханоўскай і ад кабінэту?

— Мы працуем у іншых плашчынях. Што датычыць вайсковага кірунку, які нас цікавіць у першую чаргу, у палку няма поўнага даверу да тых прадстаўнікоў Кабінэту, якія адказваюць за вайсковы кірунак.

— Гэта Валер Сахашчык.

— У першую чаргу ён.

— Ці сустракаўся полк зь ім? Ці ёсьць у вас кантакты?

— Так, размаўлялі, сустракаліся. Апошняя сустрэча была ўлетку.

— А ў чым прычына недаверу? Ён ствараў ва Ўкраіне вайсковую адзінку беларусаў, якая ваюе за Ўкраіну. І цяпер узяўся ствараць протаармію ці нешта накшталт гэтага.

— Мы знаходзімся тут на месцы, і нам лепш бачныя ўсе гэтыя вайсковыя адзінкі. Усё зусім ня так, як пра гэта расказваюць журналістам.

— Ці магчыма выправіць гэты недавер?

— Для нас незразумелая пазыцыя чалавека, які кажа, што ён прэтэндуе на ролю галоўнакамандуючага, але ў той жа час не знаходзіцца тут з нашымі хлопцамі. Тое, што яны прапагандавалі, сваё вайсковае будаўніцтва, яно фактычна скончылася нічым.

— Яшчэ да яго прызначэньня адносіны з асяродзьдзем Ціханоўскай былі ў палку ня вельмі добрыя. Пры тым, што ў Кіеве быў яе прадстаўнік Кавалеўскі, сустракаўся з вамі, перадаваў палку аўтамабілі.

— У нас нармальнае стаўленьне да ўсіх, хто дапамагае палку і працуе на вырашэньне сытуацыі па Беларусі. Абсалютна няма ніякіх дыфэрэнцыяваных падыходаў. Але калі асоба, якая заяўляе, што прэтэндуе на вайсковае кіраўніцтва, мае за сабой шлейф... Ды нават сьветапоглядна, тое, што мы бачылі. Ранейшы лад жыцьця, так бы мовіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У найбліжэйшыя дні адмоўлюся ад грамадзянства». Сахашчык расказаў пра свае сувязі з Расеяй і адказаў Белаконеву

— Вы маеце на ўвазе старыя выказваньні Сахашчыка пра расейскія афіцэрскія традыцыі і сувязі з Расеяй?

— Менавіта гэта. А таксама рэальныя вынікі ва Ўкраіне, мы пра іх ведаем. Мы абсалютна нармальна ставімся да тых хлопцаў, якія называюць сябе палком «Пагоня». Мы лічым іх нашымі баявымі пабрацімамі і паважаем іх. Але мы пакуль не камэнтуем, што гэта за полк і ў якім ён стане. Гэта не зусім нашая справа. Гэта павінны казаць самі тыя хлопцы. Усё ня так, як яны заяўляюць у прэсе.

— А ці бачыце вы магчымасьць супрацы з Офісам Ціханоўскай, без Сахашчыка, або і зь ім? Бо адсутнасьць адзінства заўсёды была ў мінулым праблемай беларускіх дэмакратычных сілаў.

— Давайце адкінем слоўнае шалупіньне. Цяпер у рэгіёне ідзе вайна, мы ў ёй удзельнічаем, часткова ў яе ўжо ўцягнутая і Беларусь. І мы ўспрымаем вельмі канкрэтна, што тыя людзі, якія дапамагаюць нам перамагчы, Украіне, нашаму падразьдзяленьню, з усімі мы гатовыя супрацоўнічаць. Гаворка пра практычную дапамогу: рэчы, амуніцыя, або нават палітычна. Тут няма ніякага супрацьдзеяньня ці канкурэнцыі, таму што мы накіраваныя на зьмену сытуацыі ў Беларусі. І каб нам не закідалі, што мы хочам стварыць нейкую хунту, пасьля скіданьня рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі мы абвесьцім пра правядзеньне свабодных выбараў. Калі асноўным акторам будзе полк Каліноўскага, то мы абвесьцім свабодныя выбары. У іх змогуць прымаць удзел усе, у тым ліку і дэмакратычныя сілы. У чым нашая дзейнасьць супярэчлівая і што ў вачах некаторых спадароў мы робім ня так?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што апанэнты Лукашэнкі могуць прапанаваць Украіне? Кавалеўскі расказаў, пра што гутарыў з украінскімі ўладамі

— Як вы ставіцеся да тых галасоў, што ў выпадку перамогі Ўкраіны полк і іншыя беларускія адзінкі там будуць расфармаваныя і раззброеныя?

— Гэта лухта, якая разьдзімаецца нашымі ворагамі, гэта фактычна вядзецца інфармацыйная вайна. Ніякі полк Каліноўскага не расфармуюць. Рэжым Лукашэнкі падзе да таго часу, пакуль полк будзе расфармаваны. А пасьля падзеньня Лукашэнкі, магчыма, яго расфармуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пра недавер Кіева да Ціханоўскай, «грамадзяніна Арастовіча» і нацыянальны эгаізм украінцаў. Інтэрвію з украінскім журналістам

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.